2012-04-21 13:59:47

Бэнэдыкт XVI: мастацтва як хвала Богу лягла ў аснову сачыненняў Мендэльсона


RealAudioMP3 Кіраўнік сусветна вядомага аркестра Гевандхауса з Лейпцыгу заявіў, што канцэрт для Бэнэдыкта XVI 20 красавіка – гэта вяршыня доўгай і слаўнай гісторыі аркестра. “Гэты канцэрт, - сказаў Андрэас Шульц - з’яўляецца самай важнай падзеяй у гісторыі аркестра Гевандхауса”. “Гэта неверагодная прапанова. Памятаю, калі я атрымаў запрашэнне ў кастрычніку 2010 г., быў настолькі ўражаны такім вялікім гонарам, што не мог паверыць, калі ўбачыў факс з запрашэннем”, - прызнаўся дырэктар калектыва ў інтэрв’ю нашаму радыё.

Канцэрт адбыўся ў Зале Паўла VI у Ватыкане ў гонар 85-гадовага юбілею Святога Айца, які ён адзначаў на пачатку гэтага тыдня. Кіраваў нямецкім калектывам італьянскі дырыжор Рыкарда Шайі. Аркестр выканаў 2 сімфонію Фелікса Мендэльсона “Lobgesang” (Гімн хвалы).

Пасля канцэрту выступіў з прамовай сам юбіляр. Бэнэдыкта XVI адзначыў “традыцыі высокай якасці выканання і бясспрэчную рэпутацыю” калектыва. Ён сказаў “сардэчны дзякуй” музыкантам, хору і салістам. Папа падзякаваў за “вельмі дакладны шлях”, які абраў дырыжор у інтэрпрэтацыі сімфоніі, праз якую “мы хвалілі і дзякавалі Пану за Яго дары”. Святы Айцец таксама адзначыў, што Мендэльсон – папярэднік Шайі ў якасці дырыжора аркестра Гевандхауса – выкарыстаў свой твор як сродак аддання хвалы Богу. “Мастацтва як хвала Богу, Вяршыні прыгажосці, лягла ў аснову методыкі сачыненняў Мендэльсона, і не толькі ў дачыненні да літургічнай і духоўнай музыкі, але ўсяго яго рэпертуару”, - заўважыў Бэнэдыкт XVI.

Андрэас Шульц, адзначыў, што канцэрт быў вельмі асаблівым, бо Папа, як вядома, мае глыбокія веды і любоў да музыкі. “Калі перад вамі адмысловы чалавек, як Святы Айцец, бо ў яго Дзень нараджэння, і вы ведаеце, што ён настолькі блізкі да музыкі і мастацтва, гэта на самой справе нашмат лягчый, бо гэта чалавек, які можа зразумець вас”, - падзяліўся сваімі ўражаннямі дырэктар аркестра Гевандхаўса.







All the contents on this site are copyrighted ©.