Папа не паддаецца ціску грамадскай думкі: кардынал Шонборн
“Папа не паддаецца
ціску грамадскай думкі”, - заявіў кардынал Крыстаф Шонборн, характэрызуючы Бэнэдыкта
XVI як чалавека і настаўніка. “Ён спакойна, разумна ідзе сваім шляхам з Богам і ў
веры”, - сказаў арцыбіскуп Венскі, і падкрэсліў, што ён асабіста, як былы аспірант
прафесара Ратцынгера, і іншыя студэнты, прабывалі і прабываюць “у сапраўдным сяброўстве
з ім”. Іерарх падзяліўся сваімі асабістымі пачуццямі да Папы ў артыкуле пад назвай
“Папа Ратцынгер – асабіста” у сённяшнім выпуску газеты “Heute” (Сёння). Кардынал узгадаў,
што ў гэтым годзе мінула 40 гадоў з таго часу, як ён упершыню сустрэўся ў 1972 г.
у Рэгенсбургу з прафесарам Ёзэфам Ратцынгерам, які прыняў яго ў кола сваіх дактарантаў.
Гэта “Кола вучняў Ратцынгера”, якое існуе да сённяшняга дня, і тады, і цяпер удзячна
свайму настаўніку за яго дар “незвычайнага інтэлекту, вялікай асабістай сціпласці
і прастаты, рэдкай сілы духа і яснасці розуму”, - адзначае ў сваім артыкуле кардынал
Шонборн. “Зноў і зноў у апошнія 40 гадоў нас кранае яго ўвага да кожнага з нас, нашых
сем’яў, нашых клопатаў, і таму, што мы яму давяраем, ён не забываецца нікога, носіць
нас у сваім сэрцы”, - піша вельмі асабіста кардынал.
Яго і іншых членаў “Кола”
заўсёды балюча здзіўляла , калі ў грамадскай свядомасці ствараўся негатыўны вобраз
спачатку прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, а затым Папы Ратцынгера; калі яго называлі
“жалезным кардыналам”, “Вялікім інквізітарам”, “архікансерватарам”. Кардынал Шонборн,
які выступае таксама ад імя “Кола вучняў Ратцынгера”, станоўча сцвярджае: “Мы такім
яго не ведаем”.