2012-04-20 13:21:48

Беларускі сектазнаўца: пазіцыя дзяржаўных органаў адносна сект – пасіўная


RealAudioMP3 Праблемы сект – тэма актуальная для ўсіх краін свету. Беларусь – не выключэнне. Усе памятаюць гісторыю з пензенскімі сектантамі, якія закрылі сябе ў падзямеллі – сярод іх былі беларусы, – або крымінальную справу расійскай секты “Ашрам Шамбала”, адэптам якой была жыхарка Мінска. Але гэта – нашумелыя выпадкі, вяршыня айсбергу. Што схавана глыбей? – мы спыталі кіраўніка Інфармацыйна-кансультацыйнага цэнтра імя Іосіфа Волацкага Беларускай Праваслаўнай Царквы Уладзіміра Марціновіча.

Скажыце калі ласка, колькі ў Беларусі сект, як змяняецца іх колькасць і ці існуе пагроза з іх боку?

Па дадзеным на 1 студзеня 2012 г. у Беларусі 130 сект і культаў, 330 кліентурных культаў і 360 аўдытарных культаў. Колькасць сект не памяншаецца і не павялічваецца, кожны год з’яўляюцца новыя секты, прыкладна 15 груп, але старыя знікаюць. Пытанне сектанцтва застаецца актуальным. Зараз у Царкву звяртаецца такая ж колькасць пацярпелых, як і раней, у 1990-я гады, сітуацыя не змяняецца. Прапаведнікі прыязджаюць пастаянна, кожны тыдзень у Беларусі праходзіць да 1000 сектанцкіх мерапрыемстваў. Але адбываюцца ўнутранныя змены ў сектах – адны тыпы сект слабеюць, іншыя – становяцца больш моцнымі, секты пачынаюць інакш вербаваць, прымяняюць новыя метады місіянерскай працы і вярбоўкі.

Са скаргамі на якія арганізацыі часцей за ўсё звяртаюцца пацярпелыя, у якім стане знаходзяцца гэтыя людзі?

Большасць скаргаў – на “Сведкаў Еговы”, яны абсалютныя лідэры ў гэтым плане, скардзяцца на пяцідзесятнікаў, на так званых народных лекараў, экстрасэнсаў, язычнікаў, псеўдапсіхалагічныя культы. Як правіла, да нас звяртаюцца з самымі цяжкімі выпадкамі, але спектр запытаў самы розны – ад простых інфармацыйных – раскажыце нам аб той, ці іншай арганізацыі – да выпадкаў забойства, згвалтавання, распадаў сямей, гэта вельмі часта адбываецца, прыходзяць людзі з дыягназамі пасля псіхіятрычнай бальніцы ў Навінках і гэтак далей.

У гэтым годзе Цэнтр, дарэчы, адзіны ў краіне, адзначае 15-годдзе існавання, што было зроблена за гэты час?

За 15 гадоў мы зрабілі першы сур’ёзны крок наперад, мы стварылі буйную інфармацыйную базу, аналагаў няма ні ў Беларусі, ні ў краінах Усходняй Еўропы. У нас на ўліку стаіць 2 700 сект з 75 краін свету.

З якімі канфесіямі супрацоўнічае Цэнтр у справе вывучэння і барацьбы з сектамі?

У прафесійным сектазнаўстве не існуе канфесій. Мы супрацоўнічаем і з пратэстанскімі сектазнаўцамі, з лютэранамі. Вяршыняй такога супрацоўніцтва з’явілася перадача ў Цэнтр імя Іосіфа Волацкага ў 2010 г. асабістага архіва вядомага еўрапейскага сектазнаўцы Томаса Гандоу – гэта некалькі дзесяткаў тысяч выключна рэдкіх дакументаў. Ёсць прыклады такога пазітыўнага супрацоўніцства – з каталіцкімі сектазнаўцамі. Магчыма, сектазнаўства – гэта тая вобласць, у якой канфесіі бліжэй за ўсё да сябе і цясней за ўсё супрацоўнічаюць. Наўрад ці мы знойдзем такую вобласць – сацыяльную ці іншую, у якой канфесіі настолькі давяраюць адна адной у такіх сур’ёзных пытаніях. Гэта вельмі цікавы момант.

Як адносяцца дзяржаўныя структуры да існавання і дзейнасці сект у Беларусі, ці ёсць адзіны з Цэрквамі погляд на праблему?

Наша супрацоўніцтва з дзяржавай залежыць больш ад дзяржавы, але, як правіла, гэта вельмі пасіўнае ўспрыманне нашай інфармацыі, незацікаўленасць. У Францыі дзейнічае 80 антысектанцкіх цэнтраў, у Аўстрыі – 30, у Італіі – каля 40, у ЗША – некалькі соцен, у Беларусі – адна арганізацыя. У большасці гэтых краін сектамі займаюцца не толькі царкоўныя ці грамадскія аб’яднанні, але і дзяржаўныя структуры вядуць такую працу. Заўсёды, калі секты спрабуюць заглушыць любую крытычную інфармацыю ў свой адрас, любая крытыка – гэта, маўляў, парушэнне нашых правоў – гэта сапраўды з’яўляецца спробай з боку сектанцтва стварыць такія ўмовы для свайго існавання, пры якіх яны могуць развівацца на безальтэрнатыўнай аснове.

Хто валодае інфармацыяй, той валодае светам. Магчыма, веды аб сектах – абарона ад іх. Як Вы ацэньваеце ўзровень адукаванасці сучасных беларусаў у пытані сект?

Узровень адукаванасці жахлівы. Гэта віна і Царквы, і дзяржавы, і грамадства. Калі газеты ці часопісы ўвогуле вырашаюцца крытыкаваць секты, то яны выбіраюць тыя, якія не існуюць у Беларусі, ці бяскрыўдныя. У выніку чалавек ведае, што існуюць нейкія секты, яны небяспечныя, але распазнаць канкрэтную секту пры сустрэчы ён не можа. Пачынаецца паляванне на вядзьмарак, а рэальна небяспечныя секты працягваюць існаваць у грамадстве і не сустракаюць ніякіх перашкод і крытыкі. Яшчэ адна балючая тэма – гэта псеўдапсіхалагічныя, псеўданавуковыя секты і культы, якія прэтэндуюць на сур’ёзныя веды ў медыцыне ці псіхалогіі, а на самой справе калечаць жыццё людзей.

Акрамя элементарнай уважлівасці, што кожны з нас можа зрабіць, каб не трапіць пад уплыў таго ці іншага дэструктыўнага культа, Вашы парады

Нічога не баяцца, усім цікавіцца, развіваць крытычнае мысленне, памятаць аб сваіх традыцыях, жыць і радавацца жыццю.







All the contents on this site are copyrighted ©.