2012-04-18 18:01:46

“Веру, ведаю, разумею”. Абрад “Эффата”


RealAudioMP3 Сёння, у апошняй праграме прысвечанай сакрамэнту хросту, мы паразмаўляем аб абрадзе “Эффата”. Яго святар здзейсняе напрыканцы хросту дзіцяці. Слова “эффата” на арамейскай мове азначае “адкрыйся”. Яно сустракаецца ў 7 главе Евангелля паводле св. Марка, у апавяданні аб тым, як Езус аздаравіў глуханямога. Евангеліст расказвае, што Езус “адвёў яго далей ад натоўпу, паклаў ў яго вушы свае пальцы і, паслініўшы, дакрануўся да ягонага языка. Паглядзеўшы на неба, уздыхнуў і сказаў яму: “Эффата”, што значыць “Адкрыйся”. І адразу адкрыліся вушы ягоныя і развязаліся путы языка ягонага, і пачаў гаварыць выразна”. Успамінаючы аб гэтым моманце падчас хросту, святар дакранаецца да вушэй і вуснаў дзіцяці, і кажа: “Папросім Пана, каб Ён дапамог гэтаму дзіцяці прыняць Яго добрую навіну і сведчыць аб ёй. Няхай Ён дазволіць гэтаму дзіцяці ўзрастаць і, як словам “Эффата” адкрыў вушы і вусны глуханямога, так і яму няхай адкрые вушы і вусны, каб прымаў Слова Пана і вызнаваў веру ў збаўленне людзей на славу Божую”.

Цікава, што абрад “Эффата” тычыцца вушэй і вуснаў – прыладаў камунікацыі, якія вельмі звязаны паміж сабой. Чалавек праз камунікацыю з іншымі ажыцяўляе адносіны, устанаўлівае кантакты, выходзіць па-за межы адзіноты. Трэба быць здольным гаварыць і слухаць, каб прымаць іншых і выражаць самаго сябе. Той, хто не ўмее гэтага рабіць, застаецца самотным, устанаўлівае дыстанцыю. Абрад “Эффата” даруе чалавеку новую здольнасць – здольнасць размаўляць і слухаць Бога, што неабходна ў адносінах з іншымі людзьмі. І тут мы падыйшлі да цікавага пытання: чаму для паўнавартасных адносін з іншымі, нам неабходна навучыцца слухаць Бога і вызнаваць веру ў Яго?

Ва ўсіх чатырох Евангеллях, цытуюцца словы прарока Ісаі аб духоўнай глухаце чалавека: “Слухаць будзеце, і не зразумееце, і вачыма глядзець будзеце, і не ўбачыце. Бо абрасло тукам сэрца народа гэтага, і вушамі з цяжкасцю чуюць, і вочы свае заплюшчылі, каб не ўбачыць вачыма, і не пачуюць вушамі, і не зразумеюць сэрцам, і не навярнуцца, каб Я вылечыў іх”.

Гэты фрагмент кажа аб тым, што існуюць пэўныя асаблівыя частоты, якія не належаць да гэтага свету. Яны характэрныя для Божага Слова і здольныя увайсці ў сэрца чалавека, але для гэтага неабходна, каб сам чалавек быў гатовы прыняць іх, “адкрыць свае вушы” на нешта новае, невядомае дагэтуль.

Што вядома чалавеку, які некалькі месяцаў таму з’явіўся на свет, а зараз прымае сакрамэнт хросту? Ён адчувае перамены і нестабільнасць: з цёплага, утульнага асяродзя пад сэрцам маці, ён апынуўся ў халодным, поўных новых адчуванняў свеце. Дзіця патрабуе апоры і абароны. Такую апору яму дарыць хрост. Калі яго вера з гадамі будзе ўмацоўвацца Божым Словам, яму адкрыецца шлях у жыццё дзяцей Божых, жыццё без страхаў, дзе самай надзейнай апорай з’яўляецца сам Бог. Да дзіцяці павінна дайсці пасланне аб тым, што Бог любіць Яго. І менавіта на яго адкрываюцца вушы дзіцяці, закрытыя з самага нараджэння страхам.

У жыцці чалавека існуе шмат страхаў: боязь быць пакінутым, нецікавым, непатрэбным. Таму ўсё жыццё чалавек імкнецца падтрымліваць свой “таварны выгляд”. Але гэта яшчэ больш закрывае вушы, бо страх апынуцца не на вышыні прымушае клапаціцца толькі аб саміх сабе і вядзе да глыбокай унутранай адзіноты.

Адкрыццё на слова Бога, нараджае ў чалавеку пачуццё таго, што ён з’яўляецца ўлюбёным сынам, радасцю, шчасцем Бога Айца. Менавіта аб гэтым неабходна пачуць і запусціць гэта слова ў сэрца. Толькі яно здольнае змяніць наша жыццё.

Але, што тычыцца нашых вуснаў? Св. Лука кажа: “пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя”. Часам вельмі варта задумацца аб чым мы часцей за ўсё размаўляем – чым напоўнена наша сэрца? Мы размаўляем аб тым, што для нас важна. Калі мы не гаворым аб слове Бога, то ёсць нешта іншае, што займае наша сэрца. Абрад “Эффата” дапамагае нам навучыцца адрозніваць гэта. З яго дапамогай, мы павінны таксама навучыцца аддзяляць тыя словы, якія нясуць жыццё, ад тых, якія нясуць смерць. Хрост адкрывае нашы вусны на словы любові і прабачэння, крыніцай якіх з’яўляецца Бог, але не на нашы старыя раны, крыўды і незадаволеннасць.

Неабходна, каб Хрыстус паклаў у нашы вушы свае пальцы і дакрануўся да нашых вуснаў, каб мы маглі чуць аб цудах Ягоных і расказваць аб тым, што Ён учыніў у нашым жыцці.

Прыкладам, таго, хто быў адкрыты на слова Божае з’яўляецца Панна Марыя. Яна, калі пачула слова Пана, адразу адказала на яго. Пасля яе “так” у той жа момант Бог пачаў дзейнічаць у ёй – у першую чаргу прынятае ёй Божае слова знішчыла ўсе страхі – бар’еры, якія перашкаджаюць жыць поўняй жыцця. Таксама і бацькі дзіцяці, якое прымае хрост павінны перадаць яму слова, якое дапаможа знішчыць усе страхі і адкрыць сэрца на ініцыятыву Пана.








All the contents on this site are copyrighted ©.