2012-04-18 13:10:13

Бэнэдыкт XVI падчас агульнай аўдыенцыі: убачыць Бога ў складаных жыццёвых сітуацыях


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI заклікаў вернікаў праз малітву і ўважлівае слуханне Божага Слова глядзець на сваё штодзённае жыццё і адкрываць глыбокі сэнс цяжкіх і не зразумелых сітуацый. Падчас агульнай аўдыенцыі 18 красавіка Пантыфік прамовіў катэхезу, якую прысвяціў разважанням над адным з фрагментаў Дзеяў Апосталаў. У ім апавядаецца аб рэакцыі вучняў Хрыста на пераслед, які яны перажывалі на працягу першых дзён гісторыі Касцёла. Папа нагадаў, што першыя хрысціяне цярпелі пераслед за тое, што “абвяшчалі уваскрасенне Езуса ўсяму народу”. Пётр і Ян былі арыштаваны, але праз некаторы час вызвалены. Яны вярнуліся да сваіх паплечнікаў і расказалі, аб тым, што перажылі. “У гэты момант св. Лука кажа, што “усе ўзнялі разам голас да Бога”. Тут евангеліст апісаў самую вялікую малітву, якую можам знайсці ў Новым Запавеце, напрыканцы якой “затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова”, - нагадаў Папа.

Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што важна звярнуць увагу на паводзіны вучняў, “якія перад абліччам небяспекі, цяжкасцяў і пагрозаў” не спрабавалі думаць аб тым, як рэагаваць на гэта, шукаць абарончых стратэгій ці думаць аб мерах, якія трэба прыняць, але перад абліччам выпрабаванняў пачалі маліцца і шукаць кантакту з Богам. Пантыфік падкрэсліў таксама, што хрысціянская супольнасць малілася адзінадушна.

“Гэта згода з’яўляецца фундаментальным элементам першай супольнасці і павінна быць заўсёды фундаментальнай для Касцёла. Не толькі малітва Пятра і Яна, якія знаходзіліся ў небяспецы, але ўсёй супольнасці, бо тое, што перажылі апосталы, тычылася не толькі іх саміх, але ўсяго Касцёла. Перад абліччам цяжкасцяў супольнасць не толькі не спужалася ці падзялілася, але глыбока аб’ядналася ў малітве, як адзін чалавек, каб звярнуцца да Пана”, - сказаў Святы Айцец.

Папа адзначыў, што “Касцёл не павінен баяцца пераследу, які вымушаны цярпець на працягу гісторыі, але заўсёды павінен давяраць, як Езус у Аліўным садзе, прысутнасці, дапамозе і сіле Бога, аб якой просіць у малітве”. Акрамя таго, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў складанай сітуацыі першыя хрысціяне прасілі толькі аб тым, каб “з адвагай абвяшчаць Божае слова”.

“Яны маліліся, каб не згубіць адвагі веры і адвагі абвяшчаць веру. Перш чым зразумець глыбіню таго, што здарылася, яны спрабавалі ўбачыць падзеі ў святле веры і рабіць гэта праз Божае слова, якое дае магчымачць расшыфраваць рэальнасць свету”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што першыя хрысціяне глядзелі на падзеі ў святле Хрыста, які з’яўляецца ключом для разумення пераследу. “Крыж – гэта заўсёды ключ да ўваскрасення”, - сказаў Пантыфік.

“І тут знаходзіцца сэнс пераследу, які перажывала першая хрысціянская супольнасць; гэта першая супольнасць, не была толькі аб’яднаннем, але супольнасцю, якая жыла ў Хрысце; таму тое, што здаралася з ёй было часткай Божага плану. Як Хрыстус, так і вучні, сустрэлі супрацьстаянне, неразуменне і пераслед”, - сказаў Пантыфік.

Папа звярнуў увагу на тое, што вучні заўсёды адчувалі прысутнасць Пана і з Яго дапамогай “аздараўлялі людзей, чынілі знакі і цуды, рабілі бачнай дабрыню Бога – сілу, якая перамянае свет, змяняе сэрцы, розум, жыццё людзей і нясе радыкальную навіну Евангелля”.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што сведчаннем такой перамяняючай рэальнасць сілы з’яўляецца тое, што пасля малітвы вучняў “затрэслася месца, на якім яны сабраліся, і ўсе напоўніліся Духам Святым, і адважна абвяшчалі Божае слова”.

Папа заклікаў вернікаў, таксама глядзець на падзеі у сваім жыцці праз малітву, дазволіць асвяціць сябе Божым словам, праз разважанне над Святым Пісаннем і такім чынам убачыць, што Бог прысутны ў нашым жыцці, асабліва ў цяжкіх сітуацыях.







All the contents on this site are copyrighted ©.