2012-04-17 12:13:26

Святы Пасад пашырае дыялог з няверуючымі


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца мае намер правесці ініцыятывы, прысвечаныя размовам з няверуючымі і шукаючымі ў нямецкамоўных краінах. Ёсць планы арганізаваць “Падворак язычнікаў”, мерапрыемства Папскай рады па культуры, у Германіі і Аўстрыі. Аб гэтым заявіў старшыня Рады кардынал Джанфранка Равазі аўстрыйскім журналістам у Рыме. Папярэдні этап ініцыятывы прайшоў у канцы сакавіка ў італьянскім Палерма і быў прысвечаны праблеме мафіі і значэнню вяршэнства закона. Ужо вядуцца перамовы з берлінскімі касцёльнымі і дзяржаўнымі ўладамі па правядзенні “Падворак язычнікаў” менавіта ў сталіцы Германіі. У Аўстрыі таксама з’явіліся першыя зацікаўленыя асобы.

Ватыканскі іерарх вельмі задаволены “станоўчай дынамікай” гэтай новай формы дыялогу з агностыкамі і шукаючымі. Папская рада па культуры вучыцца працаваць па-новаму. Дарэчы яна была заснавана ў 1965 г. як Папскі сакратарыят для няверуючых, на чале з тагачасным арцыбіскуп Вены, кардыналам Францам Кёнігам.

Кардынал Равазі паведаміў, што ў стадыі падрыхтоўкі знаходзяцца бліжэйшыя сустрэчы ў рамках “Падворка язычнікаў” у Барселоне, Празе і партугальскім горадзе Брага. За межамі Еўропы, ёсць цікавасць з боку Бразіліі, Мексікі і Канады.

Новыя шляхі Папская рада шукае таксама ў дыялогу з сучасным мастацтвам: так Апостальская Сталіца ўпершыню адчыніць свой павільён на Венецыянскім біенале ў 2013 г. Для яго афармлення будуць спецыяльна запрошаны ад васьмі да дзесяці вядомых мастакоў. Тэма – першы раздзел кнігі Быцця, паведаміў кардынал Равазі, які сам з’яўляецца вядомым біблістам-экзэгетам. У нас няма жадання прадстаўляць экспанаты з фондаў Касцёла, але “справакаваць новае мастацкае даследаванне вялікіх антрапалагічных і духоўных тэм кнігі Быцця”, - заявіў старшыня Папскай рады па культуры.







All the contents on this site are copyrighted ©.