2012-04-15 14:26:03

Міністр фінансаў Германіі аб важнасці веры ў жыцці палітыка


RealAudioMP3 На важнасць веры ў жыцці палітыка звяртае ўвагу ў сённяшнім “L’Osservatore Romano” міністр фінансаў Германіі Вольфганг Шойбле. Падчас свайго афіцыйнага візіту ў Германію ў мінулым годзе, папа Бэнэдыкт XVI выступіў з прамовай у Германскім Бундэстагу, якая была выслухана з вялікай увагай. У пачатку Пантыфік нагадаў дэпутатам адну з самых кранальных біблейскіх гісторый аб адносінах паміж палітычнай уладай і верай у Бога – малітву Саламона аб мудрасці. Бог, які з’яўляецца ў сне маладому цару, запрашае яго да сфармулавання нейкай просьбы. У адказ Саламон не просіць Бога аб багацці, уладзе або доўгіх гадах жыцця, але аб “сэрцы разумным, каб судзіць Твой народ і адрозніваць дабро ад зла” (1 Вал 3, 9).

Калі б мне давялося адказваць на пытанне пра сэнс хрысціянскай веры ў жыцці сучаснага грамадства, асабліва ў жыцці палітыкаў, - піша нямецкі міністр фінансаў, - я перш за ўсё адзначыў бы веру ў Бога. Бо праз гэтую веру наша жыццё набывае спасылку на інстанцыю вышэйшую за нас, інстанцыю, якую мы не дастасоўваем да нашых густаў, і таму, перад якой мы павінны апраўдаць усе нашы дзеянні. Аб гэтай спасылцы нагадаў Бэнэдыкт XVI, калі казаў пра просьбу Саламона аб разумным сэрцы. Чаму гэта так важна? - задаецца пытаннем Шойбле.

Вера ў Бога выражае асабліва моцна адчуванне, што ёсць межы. Незалежна ад таго, якое значэнне мы прыпісваем сабе, незалежна ад таго, якой была наша роля ў грамадстве, эканоміцы, навуцы ці палітыцы, незалежна ад нашых дасягненняў і вынікаў, вера ў Бога кажа нам, што ёсць нешта і Нехта, хто ёсць перад намі і над намі, - заключае ў сваіх разважаннях у ватыканскім выданні міністр фінансаў Германіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.