Біскупы ЗША пачалі кампанію за свабоду веравызнання
Каталіцкія біскупы
ЗША абвясцілі нацыянальную кампанію за свабоду веравызнання. У лісце, апублікаваным
12 красавіка, Канферэнцыя Біскупаў крытыкуе план урада ЗША, каб сродкі на так званае
планаванне сям’і прызначаць з абавязковага медыцынскага страхавання. Акрамя таго,
біскупы выступілі супраць абмежаванняў працы каталіцкіх арганізацый, якія займаюцца
бежанцамі і дапамогай ва ўсынаўленні. Іерархі заклікалі каталіцкія парафіі ва ўсёй
краіне адзначыць два тыдні, якія будуць папярэднічаць нацыянальнаму святу 4 ліпеня,
як “Тыдні свабоды”.
“Свабода рэлігіі знаходзіцца пад пагрозай у нашай краіне
і за мяжой”, - напісалі біскупы. Яны выказалі гатоўнасць працаваць разам з іншымі
хрысціянамі, яўрэямі і прадстаўнікамі іншых рэлігій “для абароны рэлігійнай свабоды
ў вольным грамадстве”. Іерархі заклікалі свецкіх католікаў актыўна ўдзельнічаць у
палітыцы. Пры магчымым увядзенні абавязковага медыцынскага страхавання, біскупы заклікаюць
урад не прымушаць католікаў фінансаваць тое, што супярэчыць іх сумленню. Гаворка ідзе
пра кантрацэпцыю і стэрылізацыю.
Абмежаваннем рэлігійнай свабоды называюць
біскупы новыя законы, прынятыя ў некаторых штатах, якія дапамогу нелегальным эмігрантам
класіфікуюць як крымінальнае злачынства. Гэтыя законы забараняюць душпастырства і
кансультацыйныя паслугі. Каталіцкая дабрачынная дзейнасць для эмігрантаў і бежанцаў
была пазбаўлена дзяржаўнай падтрымкі, бо Касцёл адмовіўся папулярызаваць кантрацэпцыю
і аборты.
Біскупы крытыкуюць таксама закрыццё каталіцкіх арганізацый, якія
займаліся дапамогай ва ўсынаўленні дзяцей. Яны былі вымушаны прыпыніць дзейнасць,
паколькі адмовіліся дапамагаць у дадзеным пытанні аднаполым парам. Іерархі заклікаюць
вернікаў не заплюшчваць вочы на падобную дыскрымінацыю і бароцца за свае законныя
правы.