2012-04-12 13:38:38

Каля 1 млн. старонак кніг з Ватыканскай бібліятэкі перавядуць у лічбавы фармат


RealAudioMP3 Каля міліёна старонак старажытных кніг і манускрыптаў з Ватыканскай Апостальскай Бібліятэкі будуць алічбаваныя і ў такім выглядзе стануць даступны чытачам. Гэта старажытныя экзэмпляры Новага Запавету і творы Айцоў Касцёла, “Біблія” Гутэнберга, старажытнагрэцкія і старажытнаюдэйскія манускрыпты, трактаты аб літургіцы, філасофіі, медыцыне і астраноміі. Рэалізацыя такога маштабнага праекту стала магчымай дзякуючы мецэнацкай падтрымцы “Polonsky Foundation” – англійскай арганізацыі, якая імкнецца аблегчыць доступ да шматлікіх скарбаў бібліятэк свету. Паводле папярэдніх падлікаў, на рэалізацыю праекта неабходна пяць гадоў.

Сярод кніг, якія будуць пераведзены ў лічбавы фармат, асабліва каштоўнымі з’яўляюцца інкунабулы – кнігі, выдадзенныя ў Еўропе ад пачатку кнігадрукавання да 1501 г. Гэта вельмі рэдкія выданні, бо выходзілі тыражом усяго 100-130 экзэмпляраў. Дзякуючы лічбавым тэналогіям стане даступным, напрклад, трактат “De Europa” папы Пія ІІ, вялікага аматарара літаратуры і паэзіі, а таксама лацінская “42-х радковая Біблія” вынаходніка кнігадрукарства Іагана Гутэнберга.

Акрамя таго, будзе алічбавана вялікая калекцыя старажытнагрэцкіх манускрыптаў з творамі Гамера, Сафокла, Платона, Гіпакрата, а таксама ўпрыгожаныя візантыйскімі мініяцюрамі экзэмпляры Новага Запавету і творы Айцоў Касцёла.

Усяго ў Ватыканскай Апостальскай Бібліятэцы захоўваецца каля 80 тыс. манускрыптаў і каля 9 тыс. інкунабулаў. Гэта адна з самых вялікіх калекцый у свеце. Першыя кнігі з фондаў бібліятэкі былі пераведзены ў лічбавы фармат у 2010 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.