2012-04-12 11:25:15

Ватыканскі іерарх крытыкуе рэформу страхавання Абамы


RealAudioMP3 Ватыканскі іерарх амерыканскага паходжання кардынал Рэйманд Лео Бёрк, прэфект Вярхоўнага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры, заявіў, што абавязковыя страхавыя зборы на так званае планаванне сям’і ў Злучаных Штатах маральна “не апраўданыя”. Каталіцкія працадаўцы, якія праз аказанне паслуг па ахове здароўя фінансуюць кантрацэптыўныя тэхналогіі, чыняць матэрыяльна і фармальна грэх, заявіў кардынал у інтэрв’ю каталіцкаму тэлеканалу “EWTN”.

Кардынал Бёрк першы высокапастаўлены прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, які пракаментаваў спрэчныя часткі рэформы аховы здароўя ў США. Яна прадугледжвае, што працадаўцы павінны пакрываць поўнае страхаванне сваіх супрацоўнікаў, якое таксама ахоплівае кантрацэпцыю, так званыя “таблеткі пасля” і стэрылізацыю. Хоць рэлігійныя працадаўцы вызваляюцца ад выканання гэтай нормы, аднак гэты закон распаўсюджваецца на прадпрыемствы, якія належаць рэлігійным арганізацыям, такія як бальніцы і ўніверсітэты. Каталіцкія біскупы ЗША на працягу апошніх месяцаў робяць усё магчымае, каб супрацьстаяць гэтаму.

Прэфект Вярхоўнага Трыбуналу сваёй заявай умацаваў амерыканскіх іерархаў у іх пазіцыі. Абавязак пастыраў – абарона іх вернікаў. “Калі чалавек ці ўрад спрабуе прымусіць здрадзіць аднаму з самых фундаментальных патрабаванняў і дзейнічаць супраць свайго сумлення, біскупы павінны абараняць людзей, давераных іх пастырскай апецы”, - сказаў кардынал Бёрк, які з 2004 г. па 2008 г. быў арцыбіскупам Сэнт-Луіса. Рэформа страхавання ўступае ў супярэчнасць з фундаментальным правам на свабоду сумлення, заявіў прэфект Вярхоўнага Трыбуналу Апостальскай Сігнатуры.







All the contents on this site are copyrighted ©.