2012-04-11 17:06:18

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт хросту: ускладанне белага адзення


RealAudioMP3 Мы працягваем размаўляць аб сакрамэнце хросту, а дакладней аб тых жэстах, знаках і малітвах, якія яго суправаджаюць. Сёння мы паразважаем аб значэнні і сімвалізме ўскладання белага адзення. Гэты жэст здзяйсняецца пасля самаго абраду хросту і намашчэння алеем хрызма. Паспрабуем разабрацца, чаму чалавеку, які прыняў хрост, неабходна атрымаць адзенне белага колеру. Часта, каб убачыць сапраўдны сэнс рэчаў, неабходна паглядзець на тое, што з’яўляецца ім супрацьлеглым. Дык вось, каб адказаць на пытанне “чаму неабходна апрануцца?”, давайце паразважаем аб тым, што значыць не мець адзення.

Канешне, адзенне выконвае шмат функцый: яно дапамагае сагрэцца, схаваць нагату, па адзенні можна судзіць аб сацыяльным статусе чалавека, яго звычках, рысах характару і сферы дзейнасці, у якой ён працуе. Вопратка часта з’яўляецца нашым другім “я” – спосабам прадстаўлення сябе іншым ці наадварот хавання сябе.

У Святым Пісанні адзенню адводзіцца вельмі важная роля. У канцы 2 раздзела кнігі Быця гаворыцца, што Адам і Ева “былі голыя і не мелі сораму”, а ўжо ў 3 раздзеле, іх вочы адкрыліся і яны ўбачылі, што голыя. Тады яны пашылі сабе вопратку з лісця. Гісторыя нашых прабацькоў пачалася з таго, што ў іх не было неабходнасці выдаваць сабе за тое, чым яны не з’яўляліся. Калі яны згубілі давер да Бога і Яго любові, у іх адразу ўзнікла патрэба ў тым, каб хаваць свае недахопы. Чалавек, які мае страх перад Богам, баіцца паказаць сябе акружаючым такім, якім ён ёсць на самой справе.

У гісторыі Адама і Евы кожны можа пазнаць самаго сябе. Калі ўзнікаюць сумневы ў дабрыні Бога, мы застаемся адны. Пачынаем саромецца саміх сябе, баімся быць непрынятымі іншымі. Таму нам неабходна апрануцца ў нешта прыгожае і прыцягальнае, прадстаўляць сябе перад іншымі ў выгодным свеце і, такім чынам, хаваць нашы слабасці.

Адзенне вызначае нашу ролю ў грамадстве. Калі мы пачынаем пошук саміх сябе, несвядома апранаемся ў той ці іншы від “вопраткі” – прывязваемся да таго вобразу, у якім сябе адчуваем камфортна: выдатніка або хулігана, навукоўцы або супергероя, бацькі або “мачо” і г.д.

Цікава, што ў Бібліі, у 3 раздзеле кнігі Быцця, ёсць фрагмент, дзе апавядаецца аб тым, як Бог зрабіў для Адама і Евы скураную вопратку і апрануў іх. Пасля гэтага Ён выдаліў нашых прабацькоў у самастойнае жыццё. Гэты фрагмент указвае на тое, што існуе вопратка, якую мы робім самі, а ёсць іншая – якую дае нам Бог.

Увогуле, у Бібліі сімвалізм вопраткі выкарыстоўваецца даволі часта. Напрыклад прарокаў пазнавалі менавіта па спецыфічным адзенні. У гісторыі Юзафа, сына Якуба, парванне вопраткі выкарыстоўвалася як сімвал здрады. Гісторыя пачынаецца з таго, што браты Юзэфа разарвалі яго рознакаляровую вопратку, якую бацька падараваў яму, як умілаванаму сыну. Затым яны прадалі свайго брата ў рабства. Пасля гэтага, у Егіпце яму зноў парвалі вопратку і кінулі ў турму. Зняцце адзення тут сімвалізуе пазбаўленне годнасці. Апавяданне пра Юзэфа заканчаецца тым, што ён становіцца другім чалавекам у дзяржаве пасля фараона і атрымлівае ад валадара Егіпта новае каралеўскае адзенне.

Хрыстус таксама перажыў момант пазбаўлення чалавечай годнасці, калі салдаты сарвалі з Яго адзенне. Але потым на месце ўваскрасення Хрыста, засталася белая вопратка.

Падчас Хросту на чалавека накладваецца белае адзенне дзяцей Божых. Гэта вопратка даецца Богам. Але чаму Ён гэта робіць? Справа ў тым, што грэх – гэта не апошняе слова сказанае аб чалавеку. Бог глядзіць на нас з захапленнем і жадае падарыць нам адзенне святочнае і прыгожае. Як напісана ў псальме 103: Ён “апранае нас святлом, як плашчом”.

Змяніць адзенне – азначае змяніць нашы адносіны да жыцця, да тых хто побач з намі, змяніць нашу ролю ў грамадстве. Да гэтага нас заклікае св. Павел, калі кажа: “апраніцеся ў новага чалавека, створанага Богам ў справядлівасці і святасці праўды”. У сваім пасланні да Галатаў Апостал Народаў таксама заклікае “апрануцца ў Хрыста” – гэта значыць прыняць Яго натуру – натуру Сына Божага.

У Евангеллі паводле св. Яна мы знаходзім выказванне Пана, з якім Ён звярнуўся да св. Пятра: “Сапраўды, сапраўды кажу табе: калі ты быў маладзейшы, то падпяразваўся сам і хадзіў, куды хацеў. Калі ж састарэеш, то выцягнеш рукі свае і іншы падпярэжа цябе і павядзе, куды не хочаш”. У гэтым захоўваецца сакрэт сталення чалавека: не шукаць вопратку самаму, а прыняць тую, якую дае Бог, гэта значыць прыняць Яго волю, дазволіць Яму ўвайсці ў нашу гісторыю, дазволіць Яму зрабіць з нашага жыцця сапраўды твор мастацтва. Прыняцце белага адзення падчас хросту дапамагае зразумець нашу годнасць і тое, што нельга адносіцца да сябе як да нейкай дробязі, але наадварот, памятаць аб тым, што мы з’яўляемся дзецьмі Божымі.








All the contents on this site are copyrighted ©.