2012-04-11 16:57:33

“Веру, ведаю, разумею”. Сакрамэнт хросту: знак крыжа (ІІ)


RealAudioMP3 Мы працягваем разважаць аб сакрамэнце хросту, а дакладней аб абрадзе і значэнні тых жэстаў, малітваў і знакаў, якія яго суправаджаюць. У мінулай праграме, мы пачалі размову аб пазначэнні дзіцяці, якое прымае хрост знакам крыжа. Мы адзначылі таксама, што ён з’яўляецца знакам прыналежнасці да Бога. Мы ўбачылі, што яшчэ са старазапаветных часоў сімвалам Бога з’яўляецца менавіта крыж. Акрамя таго, мы звярнулі ўвагу, на тое, што лоб чалавека, на які святар і хросныя накладаюць знак крыжа, з’яўляецца самай бачнай часткай твару, на якой добра бачны нашы ўнутраныя перажыванні. Чало сімвалізуе таксама наш розум, наша мысленне, наша “я”. На арамейскай мове чало называецца домам вачэй, а вочы, як вядома – гэта люстэрка нашай душы.

Ітак, пасля святара знакам крыжа дзіцяці пазначаюць бацькі і хросныя. Святар пытаецца ў іх: “Дарагія бацькі, просячы хросту для свайго дзіцяці, вы прымаеце на сябе абавязак выхоўваць яго ў хрысціянскай веры, вучыць яго любіць Бога і бліжніх. Ці асэнсоўваецце вы гэты абавязак?”. Прымаючы гэты абавязак бацькі і хросныя бяруць на сябе адказнасць за тое, каб навучыць дзіцяці хрысціянскаму вобразу мыслення. А што гэта за вобраз мыслення? Аб гэтым нам кажа сам крыж. І тут мы звяртаемся да другога значэння гэтага знака. Крыж сімвалізуе месца, на якім быў укрыжаваны Хрыстус. Крыж – гэта месца прыніжэння і ўваскрасення. Гэта сімвал нашай веры, якую хросныя маюць абавязак перадаць даверанаму ім дзіцяці.

Пазначэнне знакам крыжа азначае згоду на выхаванне ў дзіцяці хрысціянскай логікі, хрысціянскага спосабу ўспрыняцця жыццёвых падзей, радасных ці сумных, спосабу адносін з іншымі. Пазначыць дзіця знакам крыжа азначае – перадаць яму веды аб Любові Пана і пастаянна падтрымліваць у ім памяць аб гэтай Любові, расказаць яму аб Збаўцы, які памёр за нас і ўваскрос. Расказаць аб Богу, які так любіць кожнага з нас, што нават аддаў за нас сваё жыццё.

Сёння многія людзі, якія не атрымалі сведчання аб гэтай любові, ці па-сапраўднаму не адчулі яе, спрабуюць шукаць сябе і прызнання з боку іншых ў сваёй працы, кар’еры, адносінах з іншымі людзьмі. Гэта знак таго, што ментальнасць крыжа, якім яны былі пазначаны ў дзяцінстве, не была па-сапраднаму развіта і таму людзі часта не ведаюць, што існуе Нехта, хто любіць іх не за заслугі.

Хто я для Хрыста? Крыж, якім я быў пазначаны ў маленстве дапамагае адказаць на гэта пытанне. Ён мне нагадвае, што для Хрыста я больш каштоўны за Яго жыццё. Для мяне крыж – гэта напамін аб цудоўным учынку ў адносінах да мяне. Гледзячы на крыж хрысціянін бачыць нешта незвычайнае, самую вялікую любоў у свеце: любоў да ворагаў, да тых хто адрозніваецца ад нас. Любоў Бога, дае нам адвагу і пазбаўляе страху перад пакараннямі, перад памылкамі. Сам Бог любіць нас так, што дае нам права памыляцца. З гэтай вялікай любові, якая вызваляе нас ад бясконцых разважанняў аб тым хто мы, кім павінны стаць, чаго нам трэба дасягнуць, пачынаецца наша радасць. Такой логіцы неабходна навучыць дзіця.

Паступова, гэта памяць аб крыжы пачынае пераўтварацца ў мудрасць крыжа. І гэтаму таксама неабходна навучыць дзяцей. Не баяцца пакутаў, хваробаў, цяжкасцяў, расчараванняў, нават смерці, бо ўсе яны з’яўляюцца шляхам да нашага ўваскрасення. Неабходна перадаць дзіцяці ўпэўненасць у тым, што любы крыж, які з’яўляецца на нашым жыццёвым шляху – гэта не знак паражэння, але перамогі. Гэта магчымасць “выкарыстаць па прызначэнні” нашу веру ў тое, што Бог будзе з намі на нашым крыжы, а значыць з намі на ім і ўваскрэсне. Нашы пакуты, наш крыж – гэта момант новага Стварэння, калі Бог усё стварае нанова.

Не трэба баяцца крыжа! У гэтай боязі хаваецца наша няздольнасць і абмежаванасць у любові. Часта мы баімся пакутаваць, але наша вера вучыць нас, што “ні смерць, ні жыццё, ні вышыня, ні глыбіня, ні якое іншае стварэнне, не зможа адлучыць нас ад любові Божай”.








All the contents on this site are copyrighted ©.