2012-04-10 17:53:57

"Хрысціянін у секулярным грамадстве". Хрысціянства як альтэрнатыва секулярызму


RealAudioMP3 У папярэдніх перадачах мы заўважылі, што напружанне паміж секулярным і хрысціянскім светапоглядам можна разглядаць як канфлікт двух спосабаў сузірання жыцця. З аднаго боку, хрысціянства прапаноўвае чалавеку перажываць свой зямны шлях у перспектыве вечнасці, у перспектыве адносінаў са звышнатуральным Богам. З другога боку, секулярызм намагаецца зацыкліць чалавека толькі на зямных клопатах, адкінуць сферу вечнага і звышнатуральнага. Атрымліваецца, што не ўмацаваны ў сваёй хрысціянскай ідэнтычнасці католік можа ператварыцца ў асобу, якая намагаецца балансаваць адначасова ў дзьвюх несумяшчальных сістэмах каардынат, паміж вечнасцю і яе адмаўленнем.

Натуральным наступствам кожнага вагання паміж супрацьлеглымі перспектывамі заўсёды будзе перавага аднаго або другога боку. Секулярны спосаб жыцця няспынна спакушае сучаснага чалавека новымі ўзроўнямі камфорту, выгодаў, задавальненняў. У той жа час такі прыземісты ўзровень функцыянавання пастаянна расчароўвае сваёй плыткасцю, адсутнасцю глыбейшага сэнсу, падманлівасцю. У людзей, якія заўважаюць абмежавана

сць секулярнага мыслення, інстынктоўна пачынае нарастаць патрэба сэнсу і глыбіні. Такія асобы пачынаюць цікавіцца звышнатуральным, несвядома шукаюць Бога.

Здаецца, наяўнасць хрысціянскага падмурку ў жыцці католіка з’яўляецца той “падушкай бяспекі”, да якой ён можа вярнуцца, нават калі раней адышоў ад сурёзнай веры. Адсутнасць гэтага падмурку веры, вынесенага з дзяцінства, з сям’і ці акружэння, ставіць асобу ў вельмі складанай сітуацыі. Лягчэй таму, каму ёсць да чаго вярнуцца. А калі ў тым духоўным багажы мінуўшчыны была сурёзная малітва, кантакт з Богам і Касцёлам, то навяртанне стане фактычна вяртаннем заблукалага ў грахах сына да любячага Нябеснага Айца.

Зусім у іншай сітуацыі знаходзіцца асоба, якая не мела ў дзяцінстве нармальнага каталіцкага выхавання, малітвы, ня мела кантакту з Богам і Касцёлам. Такая асоба, нават адарваўшыся ад секулярызма, зразумеўшы ўсю яго прымітыўнасць, будзе баяцца хрысціянскай альтэрнатывы, якой не ведае і баіцца пазнаць. Бо калі ў абездухоўленай, выхаванай на секулярызме асобы разбурыць веру ў чалавека, веру ў зямны прагрэс, веру ў магчымасці навукі і тэхнікі, веру ў зямны рай, што застанецца? Нішто. Пустэча. Прыкладна такую драму перажываюць людзі, якія усведамляюць, што секулярызм і зямны рай – гэта утопія. Але яны не вераць у альтэрнатыву, у па-за зямны сэнс існавання, у звышнатуральнае і вечнае пакліканне чалавека, у любячага Бога-Асобу. Такія людзі як запужаныя звяркі, якія выраслі ў клетцы. На пэўным этапе свайго жыцця яны ўсведамляюць, што дзьверкі клеткі, у якой яны выраслі, не маюць замка, іх можна адчыніць і выйсці на волю. Але яны не ведаюць, што значыць быць сапраўды вольнымі, жыць па-за клеткай. Іх пужае неспазнанасць таго, што па-за прывыклым і дасягальным.

Роздум над драмай сучаснага секулярнага грамадства ставіць хрысціяніна нашых дзён перад сурёзным выклікам. Па-першае, гэта заклік да таго, каб дапамагчы наймалодшаму пакаленню хоць на нейкім мінімальным узроўні пазнаць Бога. Простая, базавая катэхізацыя і сакрамэнты могуць дапамагчы стварыць для сучаснага чалавека тую духоўную “падушку бяспекі”, да якой ён можа вярнуцца, нават калі запутаецца ў лабірынтах секулярнага спосабу жыцця.

Па-другое, свядомасць наяўнасці вялікай колькасці людзей, пазбаўленых нават фундаменту веры, ставіць перад хрысціянамі заданне дапамагчы сустрэцца з Богам тым, хто шукае выйсця, хто жадае вырвацца з прымітывізму прыземленага мыслення.

І па-трэцяе, перад кожным сучасным вернікам стаіць выклік, каб дапамагчы тым, хто расчараваўся ў абяцанках секулярнага раю, але не прыходзіць у касцёл, да Бога, бо носіць у сваёй свядомасці негатыўны вобраз хрысціянства. Як важна данесці сучаснаму чалавеку праўдзівы вобраз Бога і Касцёла. Перафразуючы вядомае выказванне бласлаўлёнага Папы Яна Паўла ІІ, можна сказаць, што наш секулярны сучаснік хутчэй адкрыецца на Бога, калі з боку католікаў будзе сустракаць не столькі павучэнне, сколькі сведчанне аўтэнтычнага і поўнага энтузіязму жыцця з Богам у Яго Касцёле.








All the contents on this site are copyrighted ©.