2012-04-09 13:34:14

Аляксандр Лукашэнка: Касцёл не дапрацоўвае ў наладжванні адносін Беларусі з Заходняй Еўропай


RealAudioMP3 9 красавіка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Суверэннага ваеннага Мальтыйскага ордэна ў Беларусі Паўлем Фрыдрыхам фон Фурхеррам падзякаваў дыпламату за падтрымку ў Беларусі чарнобыльскіх праграм, за дапамогу дзецям, а таксама за праекты ў галіне аховы здароўя і культуры, паведамляе “БелТа”. Сустрэча адбылася ў сувязі з завяршэннем фон Фурхеррам яго дыпламатычнай місіі ў рэспубліцы. “Ваша місія тут была накіравана толькі на ўмацаванне сяброўства паміж Беларуссю і Мальтыйскім ордэнам. Прапрацаваўшы тут восем гадоў, вы заклалі аснову добрых узаемаадносін паміж намі”, - адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён разлічвае на большае супрацоўніцтва з Каталіцкім Касцёлам. На яго думку, Касцёл “відавочна не дапрацоўвае ў наладжванні адносін Беларусі з Заходняй Еўропай”. “Нам хацелася б праз вас данесці гэты сігнал”, - адзначыў кіраўнік Беларусі звяртаючыся да Паўля Фрыдрыха фон Фурхерра.

У сваю чаргу пасол адзначыў, што ў яго склалася вельмі добрае стаўленне да беларускага народа. Паводле яго слоў, Мальтыйскі ордэн у рамках сваіх магчымасцяў стараўся ўплываць на дыялог паміж Беларуссю і заходнім светам. Пасол адзначыў, што няма такой краіны на постсавецкай прасторы, дзе б склалася такое добрае супрацоўніцтва паміж праваслаўнай, каталіцкай цэрквамі і дзяржавай. На яго думку, у Беларусі ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і дзяржавай ёсць пытанні, іх трэба вырашаць. Фон Фурхерр выказаў упэненасць, што Мальтыйскі ордэн зможа зыграць пазітыўную ролю ў адносінах паміж Беларуссю і Заходняй Еўропай.







All the contents on this site are copyrighted ©.