2012-04-07 11:36:27

Святы Айцец у рымскім Калізеі: Крыжовы шлях Езуса змяніў гісторыю чалавека


RealAudioMP3 “Перыяды пакут і выпрабаванняў, калі перажываюцца разам з Хрыстом і верай у Яго, ужо змяшчаюць у сабе святло ўваскрасення, новае жыццё ўваскрослага свету, пасху кожнага чалавека, які верыць у Яго слова”, - з такімі словамі звярнуўся да вернікаў Бэнэдыкт XVI пасля заканчэння набажэнства Крыжовага Шляху ў рымскім Калізеі. Набажэнства прайшло ў Вялікую Пятніцу 6 красавіка позна вечарам. Яго тэмай былі праблемы сучасных сем’яў: непаразуменні, разводы, клопат аб будучыні дзяцей, хваробы, беспрацоўе і іншыя негатыўныя наступствы эканамічнага крызісу. Разважанні падрыхтавалі сужонкі Анна-Марыя і Даніла Дзандзуккі, жанатыя 60 гадоў. У набажэнстве прынялі ўдзел дзесяткі тысяч вернікаў. Крыж ад стацыі да стацыі чаргова неслі кардынал Агосціно Валіні, Папскі вікарый для Рымскай дыяцэзіі, два браты францішкане са Святой Зямлі і чатыры сям’і з Італіі, Ірландыі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Звяртаючыся да тысяч сабраных перад старажытным амфітэатрам вернікаў, Папа адзначыў, што Крыжовы шлях Хрыста хоць “здавалася, што быў безвыходным, змяніў жыццё і гісторыю чалавека, адкрыў пераход да “новых нябёсаў і новай зямлі”.

“У смутку і цяжкасцях мы не адны; сем’і таксама не адны. Езус прысутны са сваёй любоўю, патрымлівае іх сваёй ласкай і дае энергію, каб ісці наперад. Менавіта да гэтай любові Хрыста мы павінны звяртацца калі чалавечыя слабасці і цяжкасці рызыкуюць параніць адзінства нашага жыцця і сям’і”, - сказаў Папа.

Пантыфік падкрэсліў, што ва ўкрыжаваным Хрысце нават смерць набывае новае значэнне – яна, “пераможанная, становіцца пераходам да новага жыцця”.








All the contents on this site are copyrighted ©.