2012-04-07 16:19:30

"З сэрцам у кантакце". Літургічнае жыццё Усходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскага абраду (VI)


RealAudioMP3 Я працягваю распавядаць пра літургічнае жыцьцё ў бізантыйскай царкоўнай традыцыі. Нагадаю, што ў мінулай перадачы я распавядаў пра вячэрню і прыпыніўся на малым уваходзе, калі сьвятар з прыслужнікамі працэсійна выходзяць з-за іканастаса, і дыякан сьпявае: «Мудрасьць, устаньце!». У гэты момант запальваецца ў храме сьвятло і сьпяваецца старажытны гімн «Сьвятло лагоднае». Давайце даведаемся, што адбываецца далей.

Чытаньні з Старога Запавету

Пасля гэтага гімну «Сьвятло лагоднае» наступаюць чытаньні з Старога Запавету, якія заўсёды папярэджаны пракіменамі. Пракімен (prokeimenon, graduale) – гэта кароткі верш з псалмаў, які паўтараецца ўперамежку з яшчэ аднім ці некалькімі вершамі. Прыстаўка «pro-» указвае на тое, што гэтыя вершы павінны нешта папярэджваць: у нашым выпадку яны папярэджаваюць «парэміі», інакш чытаньні фрагментаў Старога Запавету.

Малітва ўслаўленьня

Пасля чытаньняў звычайна бывае Літанія ўзмоцненага маленьня. Пасля яе сьпяваецца Малітва ўслаўленьня, чарговая сталая частка вячэрняй, якая пачынаецца словамі: Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху. Дазвольце, што пазнаёмлю вас з гэтым гімнам і заспяваю яго, як умею.

Дай, Госпадзе, у гэты вечар захавацца нам без граху.
Блаславёны Ты, Госпадзе, Божа айцоў нашых, і імя Тваё ўсяхвальнае і праслаўленае давеку. Амін.
Хай міласэрнасьць Твая, Госпадзе, спачыне на нас, бо мы ўсклалі надзею на Цябе.
Блаславёны Ты, Госпадзе, навучы мяне Тваіх запаветаў.
Блаславёны Ты, Уладару, дай мне зразумець Твае запаветы.
Блаславёны Ты, Сьвяты, прасьвятлі мяне запаветамі Тваімі.
Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх.
Табе належыцца хвала, Табе належыцца песьня, Табе слава належыцца, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Далей зноў ёсьць Літанія просьбаў, пасля якой можа быць Ліцьця.

Ліцьця і Вершапесьні

Ліцьця – у перакладзе з грэцкай мовы азначае «узмоцненае маленьне». Пачаткова ліцьця была малітвай, якой маліліся ў часе народнай бяды. Вернікі выходзілі на вуліцы з харугвамі ды сьпевам гімнаў. Заступніцкі характар ліцьці можам пабачыць, услухаваючыся ў тэксты яе малітваў:

Збаў, Божа, людзей Тваіх і блаславі набытак Твой, наведай сьвет Твой міласэрнасьцю і дабротамі Тваімі, узьнясі рог хрысьціянаў і зышлі на нас Твае багатыя ласкі малітвамі найчыстае Ўладаркі нашае Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі; сілаю пачэснага і жыватворчага Крыжа; заступніцтвам сьвятых нябесных сілаў анёльскіх; малітвамі сьвятога, слаўнага прарока, Прадвесьніка і Хрысьціцеля Яна; сьвятых, слаўных і годных пахвалы апосталаў Пятра і Паўла і ўсіх сьвятых апосталаў; між сьвятымі айцоў нашых, сусьветных вялікіх настаўнікаў і сьвятаначальнікаў Базыля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуснага; між сьвятымі айца нашага Міколы цудатворцы, арцыбіскупа Мірлікійскага; сьвятых, слаўных і роўных апосталам настаўнікаў славянскіх Кірылы і Мятода; між сьвятымі айца нашага Кірылы, біскупа Тураўскага; сьвятое маці нашае Еўфрасіньні Полацкае, асьветніцы Беларусі і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу; сьвятога (сьвятой) … (імя сьвятога дня); сьвятых і праведных богаайцоў Якіма і Ганны і ўсіх сьвятых: просім Цябе, міласэрны Госпадзе, выслухай нас, грэшных, якія молімся Табе, і зьмілуйся над намі.

Трэба адзначыць, што ліцьця - гэта асаблівая частка багаслужэньня, на якой адбываецца блаславеньне хлеба, віна, алею ды пшаніцы. Гэтым дзеяннем Царква падкрэслівае, што Бог хоча асьвячаць і асьвячае матэрыяльны бок нашага жыцьця.

Наступным «блокам» вячэрні зьяўляюцца Вершапесьні. Па сваёй структуры яны падобныя да стыхір на «Госпадзе, Цябе клічу» з той розніцай, што песьні не сьпяваюцца ў перамежку з вершамі псальму, але далучаюцца да асаблівых вершаў.

Песьня Сямёна Богапрыймальніка, Адпушчальныя трапары ды Заканчэньне

Пасля вершапесьняў на вячэрняй сьпяваецца або рэцытуецца песьня Сямёна Богапрымальніка:

Цяпер адпускаеш, Уладару, слугу Твайго ў супакоі паводле слова Твайго, бо мае вочы бачылі збаўленьне Тваё, якое Ты прыгатаваў перад усімі людзьмі, сьвятло для прасьвятленьня народаў і славу Ізраіля, люду Твайго.

Гэтая біблійная песьня выкарыстоўваецца таксама і ў лацінскай літургіі гадзінаў і вядома ў заходняй традыцыі, як Nunc dimittis. Пасля блоку малітваў, які ўключае ў сябе малітвы Сьвяты Божа, Усесьвятая Тройца і Ойча наш, сьпяваюцца адпаведныя адпушчальныя трапары. Пасля трапароў наступае Заканчэньне, апошняй малітвай якога ёсьць водпуст.

На гэтым я развітваюся з вамі, шаноўныя сябры. Вы слухалі перадачу «З сэрцам у кантаце» і мяне, яе вядучага а. Андрэя Буйніча. Лістуйце на мэйл: zsercam@gmail.com . Да хуткай сустрэчы!







All the contents on this site are copyrighted ©.