2012-04-07 11:01:44

Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у літургіі Мукі Пана


RealAudioMP3 Вечарам 6 красавіка Бэнэдыкт XVI прыняў удзел у набажэнстве Мукі Пана, якое прайшло ў базыліцы св. Пятра. Гамілію да ўдзельнікаў літургіі прамовіў прапаведнік Папскага дома айцец Раньера Канталамеса. Капуцын звярнуў увагу на тое, што набажэнства мукі Пана робіць сёння прысутнымі і дзейснымі сапраўдныя гістарычныя падзеі. Ён адзначыў, што ніхто не перажывае смерць вядомых гістарычных постацяў, так як перажываюць смерць Хрыста, бо толькі Ён уваскрос. “Мы не святкуем просты юбілей, але таямніцу”, - сказаў айцец Канталамеса і падкрэсліў, што аб муке Хрыста “неабходна ўзгадваць такім чынам, каб было зразумела яе значэнне і магчыма было прыняць яе па-святому”. “Гэта змяняе ўсё. Гаворка ідзе не аб тым, каб прысутнічаць на мерапрыемстве, але “прыняць” яго значэнне. Ніхто не можа застацца нейтральным; але неабходна выбраць: быць Пілатам, які ўмывае рукі, ці натоўпам, які глядзеў здалёк. Калі, сёння вечарам вернемся дамоў і хтосьці спытаецца “Адкуль ідзеш?”, “Дзе ты быў?”, адкажам тады, прынамсі ў сэрцы: “На Кальварыі!”, - заклікаў прапаведнік.

Айцец Канталамеса адзначыў, што немагчыма да канца зразумець значэнне гэтай літургіі без веры ў бязмежную міласэрнасць Бога. Ён прывёў прыклад, у якім заклікаў вернікаў уявіць, што адзін з уладальнікаў дарагой крамы ў цэнтры Рыма запрасіў да сябе вакзальных бяздомных, абмыў іх і прапанаваў выбраць любую з вопратак, якая ім спадабаецца. “Усе скажуць на гэта: “Казка, такога не будзе ніколі! Сапраўды, але тое, што ніколі не здараецца паміж людзьмі, можа здарыцца кожны дзень паміж чалавекам і Богам, бо перад ім мы ўсе жабракі”, - сказаў айцец Канталамеса. Ён заклікаў вернікаў прыступіць да сакрамэнту споведзі, які падобны на такую сустрэчу. “Бог забірае нашу старую вопратку, грахі, абмывае сваёй міласэрнасцю і ўзвышае, апранаючы ў вопратку збаўлення і плашч справядлівасці”, - сказаў айцец Канталамеса.








All the contents on this site are copyrighted ©.