2012-04-06 14:45:59

Традыцыйная працэсія мукі Пана стане прадметам культурнай спадчыны Мехіка


RealAudioMP3 Традыцыйная працэсія мукі Пана, якая праводзіцца ўжо на працягу 169 гадоў у адным з раёнаў Мехіка стане прадметам нематэрыяльнай культурнай спадчыны сталіцы Мексікі. Такое рашэнне прынялі ўлады горада. Працэсія ў раёне Ізтапалапа з’яўляецца адным з самых значных выразаў народнай рэлігійнай пабожнасці ў свеце. Традыцыя яе правядзення ўзнікла ў 1843 г. Яе ініцыятарамі былі жыхары горада, якія засталіся жывымі пасля жудаснай эпідэміі халеры, якая ахапіла Мехіка. Яны вырашылі ў якасці падзякі Богу за спыненне смяротнай хваробы кожны год праводзіць тэатралізаваную працэсію. Падчас яе акцёры і тысячы вернікаў “удзельнічаюць” у Апошняй вячэры Пана, “прысутнічаюць” пры здрадзе Юды, на судзе перад Понціем Пілатам, “суправаджаюць” Хрыста на яго шляху на Галготу і падчас укрыжавання.

На думку ўладаў Мехіка, прызнанне каштоўнасці гэтай працэсіі на мясцовым узроўні стане важным крокам на шляху ўключэння традыцыі ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны “ЮНЕСКА”. “Прызнанне працэсіі з’яўляецца ўзнагародай для Ізтапалапы і яго грамадзян, якія на працягу 169 гадоў удзельнічалі ў яе арганізацыі, падтрымлівалі і ўмацоўвалі гэту святую традыцыю, што прываблівае тысячы вернікаў з усяго свету”, - сказаў мэр Мехіка Марсэлло Эбрард.








All the contents on this site are copyrighted ©.