2012-04-05 12:36:39

У Ватыкане трываюць апошнія прыгатаванні да Вялікадня


RealAudioMP3 У Ватыкане трываюць апошнія прыгатаванні да набажэнстваў Пасхальнага Трыдуума і Вялікадня з удзелам папы Бэнэдыкта XVI. На прылягаючай да ватыканскай базылікі частцы плошчы св. Пятра ўжо размешчана 20 тыс. крэслаў для ўдзельнікаў ранішняй велікоднай св. Імшы. Чакаецца, што ў ёй, а таксама ў благаслаўленні “Urbi et orbi” прыме ўдзел каля 100 тыс. вернікаў. У пятніцу 6 красавіка ўпрыгожаннем алтара перад базылікай св. Пятра і ступеняў перад ім зоймуцца 25 фларыстаў з Галандыі. Дзесяткі тысяч квітнеючых жоўтых і белых раслін створаць кампазіцыю колеру ватыканскага флага.

Святы Айцец, якому хутка споўніцца 85 гадоў, узначаліць усе галоўныя набажэнствы Пасхальнага Трыдуума і Вялікадня.

Сёння раніцай Папа ўжо ўзначаліў св. Імшу Хрызмы, на якой у ватыканскай базыліцы сабралася некалькі тысяч біскупаў і святароў. Вечарам у 17.30 Святы Айцец накіруецца ў Латэранскую базыліку, каб узначаліць там па традыцыі св. Імшу Вячэры Пана. Трэба адзначыць, што ахвяраванні падчас яе будуць збірацца для сірыйскіх бежанцаў. У Вялікую Пятніцу адбудуцца два набажэнствы з удзелам Бэнэдыкта XVI: літургія Мукі Пана і Крыжовы шлях у рымскім Калізеі. Пасхальная Вігілія, якую ўзначаліць Папа, распачнецца ў суботу 7 красавіка ў базыліцы св. Пятра ў 21.00. Падчас яе Бэнэдыкт XVI удзеліць сакрамэнт хросту 8 дарослым, якія ў той жа вечар прымуць Першую св. Камунію.







All the contents on this site are copyrighted ©.