2012-04-05 14:50:46

Вялікая Пятніца: католікі дапамагаюць Касцёлу ў Святой Зямлі


RealAudioMP3 6 красавіка, у Вялікую Пятніцу, ва ўсім свеце будзе праходзіць традыцыйны збор ахвяраванняў на падтрымку і развіццё Каталіцкага Касцёла ў Святой Зямлі. Аб ініцыятыве “Collecta pro Terra Sancta” было абвешчана яшчэ 1 сакавіка ў спецыяльным паведамленні Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, падпісаным прэфектам гэтай дыкастэрыі кардыналам Леанарда Сандры. У тэксце адзначаецца, што цяперашнія цяжкасці, з якімі вымушаны сутыкацца хрысціяне Святой Зямлі, з’яўляюцца іх укладам у лепшую будучыню. Аднак, патрэбна падтрымка школ, сферы медыцынскай дапамогі, вырашэнне жыллёвых праблем і клопат аб супольных месцах культу ў гэтым рэгіёне. “Мы маем абавязак адудзячыць за тую духоўную спадчыну, якую атрымалі дзякуючы іх вернасці праўдам хрысціянскай веры”, - напісаў кардынал Сандры.

Сродкі, якія будуць сабраны ў Вялікую Пятніцу ва ўсіх касцёлах свету, пойдуць на падтрымку душпастырскай дзейнасці 285 францішканаў, утрыманне 50 санктуарыяў і 24 парафій, шматлікіх школ, дамоў для хворых, прытулкаў, дамоў пілігрымаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.