2012-04-03 11:25:51

Святы Пасад заклікаў будыстаў разам працаваць для будучыні моладзі


RealAudioMP3 Папская рада па міжрэлігійным дыялогу павіншавала будыстаў са святам Весак. Старшыня ватыканскай дыкастэрыі кардынал Жан Луі Таран накіраваў да вызнаўцаў гэтай рэлігіі ва ўсім свеце адмысловы зварот, у якім звярнуў увагу на ролю моладзі ў будаванні культуры дыялогу паміж рэлігіямі. Ён адзначыў, што ўсё больш маладых людзей з тыпова будысцкіх краін кіруецца ў краіны хрысціянскія для атрымання адукацыі. “Студэнты, якія належаць да розных рэлігій і вераванняў сядзяць побач, вучацца адно з адным і адно ў аднаго”. Менавіта гэта, на думку ватыканскага іерарха, прымушае задумацца аб неабходнасці выхоўваць моладзь да павагі і разумення веры і традыцый іншых.

Іерарх нагадвае словы Бэнэдыкта XVI аб тым, што сапраўдная адукацыя вядзе да адкрытасці на трансцэндэнтнасць і тых, хто знаходзіцца побач з намі. Там, дзе ёсць адукацыя, ёсць месца для дыялогу, узаемасувязі і ўспрыняцця іншых.

“Як будысты, вы перадаеце маладым людзям неабходную мудрасць, каб ўстрымлівацца ад прычынення шкоды іншым і жыць у шчодрасці і спачуванні (...). Гэта канкрэтны прыклад, як рэлігія дапамагае выхоўваць маладое пакаленне, каб падзяляць адказнасць і супрацоўнічаць з іншымі”, - напісаў кардынал Таран. Паводле іерарха, аўтэнтычнасць маладых людзей дапамагае знайсці адказы на фундаментальныя пытанні аб жыцці і смерці, справядлівасці і міры, цярпенні і надзеі.

“Сябры, давайце аб’яднаем нашы сэрцы і будзем маліцца, каб усе разам мы змаглі зрабіць маладых людзей, паводле нашага прыкладу і навучання, інструментам справядлівасці і міру”, - заклікаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу будыстаў усяго свету.

Весак, гэта традыцыйнае будысцкае свята ў гонар нараджэння, прасвятлення і сыходу ў нірвану Гаўтамы Буды. Шырока распаўсюджана ў краінах Паўднёвай Азіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.