2012-04-03 14:09:22

Брат Бэнэдыкта ХVI: я разгубіўся, калі пасля словаў “Habemus Papam” пачуў прозвішча Ратцынгер


RealAudioMP3 Кс. прэлат Георг Ратцынгер, старэйшы брат папы Бэнэдыкта ХVI, у інтэрв’ю італьянскай газеце “La Repubblica” адзначыў, што абранне брата на Пасад св. Пятра было для яго нечаканасцю. “Калі пасля словаў “Habemus Papam” я пачуў прозвішча Ратцынгер, быў уражаны. Шчыра кажучы, я разгубіўся”. На пытане, чаму, патлумачыў: “Я быў занепакоены. Меркаваў, што гэта вельмі вялікі выклік для майго брата. У той момант я не бачыў прывілеяў, станоўчага боку, але выключна цяжар, які ўскладала гэта пасада на Ёзэфа”, - паведаміў кс. Георг Ратцынгер. На яго думку, брат абраў імя Бэнэдыкт кіруючыся яго эстэтыкай і паходжаннем. “Яму падабалася як гучанне, так і значэнне гэтага імя: благаслаўлёны Богам і благаслаўленне для іншых”.

У інтэрв’ю ён распавёў аб некаторых нюансах штодзённага жыцця Бэнэдыкта ХVI. Напрыклад Папа падчас падрыхтоўкі да агульных аўдыенцый прысвячае шмат часу на вывучэнне вымаўлення замежных слоў у тэкстах прывітання вернікаў. Робіць гэта слухаючы падрыхтаваныя спецыяльна для яго запісы. Пасля абеду Бэнэдыкт ХVI піша лісты і шмат чытае. “Мой брат рэдка глядзіць тэлевізар, а калі глядзіць, то пераважна фільмы пра Ватыкан”, - паведаміў кс. Георг. Ён адзначыў, што абавязкова прыбудзе ў Ватыкан на дзень нараджэння брата 16 красавіка і яны разам пойдуць на канцэрт з гэтай нагоды ў залу Паўла VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.