2012-04-02 14:36:53

Святы Пасад прыняў удзел у сустрэчы “Сяброў Сірыі”


RealAudioMP3 У Стамбуле завяршылася сустрэча краін-удзельніц так званай групы “Сябры Сірыі”, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі больш чым 60 дзяржаў і 10 міжнародных арганізацый. Апостальскую Сталіцу на сустрэчы прадстаўляў арцыбіскуп Майкл Фіцжэральд. Ён адзначыў, што ад моманту першай сустрэчы групы, якая адбылася ў Тунісе, сітуацыя ў Сірыі наўрад ці палепшылася. Наадварот, адбылася эскалацыя насілля і неапраўданага прымянення сілы. Іерарх нагадаў, што Бэнэдыкт XVI, яшчэ 12 лютага, задоўга да сустрэчы ў Тунісе, заклікаў “пакласці канец усім актам насілля і кровапраліцця”. Арцыбіскуп падкрэсліў, што насілле спараджае далейшае насілле, таму ніколі не позна адмовіцца ад яго.

“Апостальская Сталіца выказвае сваю салідарнасць з ахвярамі, - сказаў арцыбіскуп Фіцжэральд. - Папа Бэнэдыкт XVI заявіў, што ён узгадвае ахвяраў у сваёй малітве, і не толькі тых, хто аддаў сваё жыццё, у тым ліку дзяцей, але і “параненых і ўсіх тых, хто пакутуе ад наступстваў ўсё больш трывожнага канфлікту”. Іерарх заўважыў патрэбу гуманітарнай дапамогі і паведаміў, што Святы Пасад таксама ўдзельнічае ў ёй.

Арцыбіскуп падкрэсліў, што міратворчая місія міжнародных арганізацый можа грунтавацца на доўгай гісторыі мірнага суіснавання паміж рознымі рэлігійнымі і этнічнымі супольнасцямі Сірыі і зацытаваў словы Бэнэдыкта XVI, звернутыя да сірыйцаў “ісці па шляху дыялогу, прымірэння і адданасці справе міру”.







All the contents on this site are copyrighted ©.