2012-04-02 12:15:12

Новыя падрабязнасці Сусветных дзён моладзі ў Рыа


RealAudioMP3 2 красавіка Кардынал Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх даў прэс-канферэнцыю, на якой раскрыў некаторыя падрабязнасці правядзення наступных Сусветных дзён моладзі ў бразільскім Рыа ў 2013 г. Кардынал падзяліўся сваім уражаннем ад нядаўняй паездкі ў Бразілію. Ён паведаміў, што сведчаннем матывацыі бразільцаў добра падрыхтавацца да правядзення сусветнага форуму з’яўляецца перегрынацыя Крыжа Сусветных дзён моладзі, якая пройдзе ва ўсіх 276 дыяцэзіях краіны.

На прэс-канферэнцыі прысутнічаў таксама арцыбіскуп Рыа дэ Жанейра Хоао Орані Тэмпеста. Ён паведаміў, што ў гэтыя дні для размоў у Ватыкан прыбылі губернатар штата Рыа дэ Жанейра і мэр горада. Паводле іерарха, улады прызнаюць, што ў параўнанні з Чэмпіянатам свету па футболе і Алімпійскімі гульнямі, гаспадаром якіх стане Рыа ў 2014 г. і 2016 г., такое мерапрыемства як Сусветныя дні моладзі грае больш важную і вызначальную ролю. Перш за ўсё што тычыцца колькасці маладых людзей, якія маюць сёння патрэбу ўсё больш і больш уносіць свой уклад у жыццё грамадства.

Арцыбіскуп паведаміў, што афіцыйная інтэрнэт-старонка форуму пачала працаваць 21 жніўня 2011 г. Сайт www.rio2013.com мае 5 моўных версій. На профілях у “Твітэры” і “Фейсбуку” зарэгістравалася ўжо больш за 600 тыс. чалавек. Іерарх нагадаў, што на конкурс па распрацоўцы афіцыйнага лагатыпа былі прадстаўлены больш за 200 праектаў з усіх кантынентаў. Папская рада па справах свецкіх абрала варыянт створаны маладым чалавекам са штата Рыа. На форуме будзе задзейнічана 60 тыс. валанцёраў. На дадзены момант ужо зарэгістравалася больш за 16 тыс. Арцыбіскуп Тэмпеста паведаміў, што конкурс на гімн Сусведнага дня працягваецца. Атрымана 180 прапаноў тэкстаў. Наступным крокам будзе конкурс на мелодыю. Прэзентацыя гімна пройдзе дакладна за год да правядзення форуму. Рэгістрацыя для груп пілігрымаў будзе адкрыта ў ліпені 2012 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.