Арцыбіскуп Кандрусевіч занепакоены заканадаўчымі тэндэнцыямі ў Беларусі
2 красавіка, напярэданні
Вялікадня, па традыцыі, з беларускімі журналістамі сустрэўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Тадэвуш Кандрусевіч. Тэма размовы – у гэтую нядзелю католікі ўсяго свету адзначаць
Уваскрасенне Хрыста – галоўную ўрачыстасць хрысціянства. Але ў календары Каталіцкага
Касцёла ў Беларусі, працоўным, амаль кожны месяц – значныя мерапрыемствы, аб якіх
і распавёў іерарх. Ужо ў красавіку ў Пінску будуць адзначаць 80-годзе смерці біскупа
Зыгмунта Лазінскага. Напрыканцы мая адбудзецца працэсія Божага Цела па вуліцах Мінска.
3 чэрвеня ў Італіі пройдзе 7-ая Міжнародная сустрэча сем’яў, удзел у якой прыме і
дэлегація з Беларусі.
Мітрапаліт адзначыў сваю занепакоенасць некаторымі тэндэнцыямі
ў беларускім заканадаўстве. Католікі вельмі занепакоены прыняццем законапраекту аб
рэпрадуктыўных тэхналогіях. Таксама Міністэрства адукацыі краіны выйшла з прапановай
забараніць выкарыстанне рэлігійных сімвалаў у пачатковай школе. Іерарха непакояць
папулярызацыя ідэі гендэрнага равенства на заходні манер. “Некоторыя краіны ўжо прынялі
законы, дзе выкарыстоўваецца тэрміналогія: бацька №1, бацька №2. Некаторыя хочуць
увесці 5 палоў – мужчынскі, жаночы, умоўна мужчынскі, умоўна жаночы і ніякі. Згодна
з сацыяным навучэннем Касцёла, мы не падтрымліваем гэту тэндэнцыю”, - заявіў арцыбіскуп.
Мітрапаліт Кандрусевіч адказаў і на пытанні журналістаў аб прадленні тэрміну
працы ў Беларусі замежных святароў. Інфармацыі аб тым, што камусьці не далі візаў
– няма, заявіў іерарх. На пытанне аб палітычных вязнях іерарх адказаў, што да палітыкі
Каталіцкі Касцёл адносін не мае, справа Касцёла – духоўнае акармленне вернікаў. Мітрапаліт
паведаміў, што ў верасні ў Беларусі пройдзе Першы кангрэс каталіцкіх СМІ, на які будуць
запрошаны шматлікія прадстаўнікі масс-медыя.