2012-04-01 11:47:23

Бэнэдыкт ХVI у Пальмовую нядзелю: мы павінны задаць сабе пытанне: якія нашы рэальныя чаканні?


RealAudioMP3 1 красавіка Бэнэдыкт ХVI узначаліў урачыстасць Пальмовай нядзелі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Падчас літургіі Пантыфік благаславіў аліўкавыя галінкі, якія прынеслі з сабой вернікі і 200 тыс. іншых, якія падрыхтавалі тэхнічныя службы Ватыкану. Урачыстасць праходзіла таксама пад знакам Сусветнага дня моладзі Рымскай дыяцэзіі, дэвіз якога ў гэтым годзе: “Заўсёды радуйцеся ў Пану” (Філ 4, 4). У гаміліі Папа адзначыў, што Езус уваходзіць у Ерузалем, каб выканаць словы Пісання і быць прыбітым да крыжа – трону, з якога будзе валадарыць, прыцягваючы да сябе чалавецтва ўсіх часоў і даючы кожнаму дар адкуплення. Святы Айцец падкрэсліў, што Езус ідзе ў Ерузалем дарогай, па якой павінен ісці Месія. Вучні і шматлікія пілігрымы, якія прыбылі ў Святы Горад, вітаюць яго месіянскім воклічам: “Гасанна Сыну Давіда! Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Гасанна на вьшынях! (Пс 118, 9-10). Пантыфік нагадаў, што гэта радасць сведчыць пра тое, што ў Езусе Бог наведаў свой народ і так чаканы Месія ўрэшце прыбыў.

“Але, кім для нас з’яўляецца Езус з Назарэта? Што мы думаем пра Месію, пра Бога?”, - запытаў сабраны Святы Айцец. “Гэта важнае пытанне, якога мы не можам пазбегнуць, - працягваў Папа, - тым больш, што менавіта на гэтым тыдні мы закліканы ісці за нашым Валадаром, які абраў крыж за трон. Мы пакліканы ісці за Месіяй, які не гарантуе нам зямнога шчасця, але шчасце нябеснае, благаслаўленне Бога. Мы павінны задаць сабе пытанне: якія нашы рэальныя чаканні? Якія нашы найглыбейшыя жаданні, з якімі мы прыбылі сёння сюды, каб святкаваць Пальмовую нядзелю і пачаць Вялікі Тыдзень?” - паставіў пытанне Папа.

Падчас гаміліі Святы Айцец звярнуўся да моладзі. Ён адзначыў, што сённяшні дзень – асаблівы для маладых людзей. “Няхай Пальмовая нядзеля будзе для вас днём рашэнняў, рашэння прыняць Пана і ісці за Ім да канца; рашэння зрабіць Яго пакуты, смерць і ўваскрасенне сэнсам вашага хрысціянскага жыцця”, - пажадаў Бэнэдыкт ХVI. Пантыфік адзначыў, што гэта рашэнне вядзе да сапраўднай радасці. На заканчэнне Папа прывёў прыклад св. Клары Азізскай, якая 800 гадоў таму па прыкладу св. Францішка, менавіта ў Пальмовую нядзелю пакінула бацькоўскі дом, каб цалкам прысвяціць сябе Пану. “Ёй было 18 гадоў, яна мела вялікую адвагу веры і любові, каб выбраць Хрыста, знаходзячы у Ім радасць і супакой”, - сказаў Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.