2012-04-01 12:42:19

Бэнэдыкт ХVI: радасць – цэнтральны элемент хрысціянскага досведу


RealAudioMP3 На заканчэнне ўрачыстай літургіі Пальмовай нядзелі, якую Бэнэдыкт ХVI узначаліў на плошчы св. Пятра ў Ватыкане, Пантыфік звярнуўся да вернікаў са сваімі разважаннямі перад малітвай “Анёл Панскі”. “На заканчэнне гэтай ўрачыстасці, - сказаў Папа, - жадаю скіраваць сардэчныя словы прывітання ўсім прысутным: кардыналам, біскупам, святарам, законнікам і законніцам, а таксама ўсім вернікам. Спецыяльныя словы прывітання кірую да аргкамітэта апошніх Сусветных дзён моладзі, якія прайшлі ў Мадрыдзе, і арганізатараў наступнай сустрэчы ў Рыа дэ Жанейра. Таксама вітаю дэлегатаў міжнароднай сустрэчы на тэму Сусветных дзён моладзі, якую арганізавала Папская рада па справах свецкіх. Вітаю прысутнага сярод нас старшыню Рады, кардынала Станіслава Рылку і яе сакратара арцыбіскупа Ёзэфа Клеменса”, - сказаў Святы Айцец.

Звяртаючыся да польскіх пілігрымаў на іх роднай мове Папа нагадаў аб значэнні Дыяцэзіяльнага дня моладзі, які праходзіць штогод ва ўсім свеце ў Пальмовую нядзелю: “Дэвізам сённяшняга Дня моладзі з’яўляюцца словы св. апостала Паўла: “Заўсёды радуйцеся ў Пану” (Філ 4, 4), - адзначыў Бэнэдыкт ХVI. - Радасць, якая звязана са свядомасцю таго, што Пан нас любіць, з’яўляецца цэнтральным элементам хрысціянскага досведу. У свеце, які часта адзначаецца смуткам і няпэўнасцю, яна з’яўляецца важным сведчаннем прыгажосці і надзейнасці веры. Будзьце радаснымі сведкамі Хрыста! Няхай благаславіць вас Пан”, - сказаў Пантыфік.

Звяртаючыся на партугальскай мове, Пантыфік прывітаў арцыбіскупа Рыа дэ Жанейра Орані Хоао Тэмпесту, улады Рыа на чале з губернатарам і прэфектам і аргкамітэт Сусветных дзён моладзі 2013 г. Святы Айцец заклікаў іх, каб, рыхтуючыся да гэтай падзеі, мелі на ўвазе дэвіз: “Заўсёды радуйцеся ў Пану”. Дзякуючы гэтаму дух радасці і гасціннасці, уласцівы бразільцам стане радасцю, якая нараджаецца ў лучнасці з Хрыстом, Адзіным Збаўцам. “І тады вы зможаце прыняць з распрасцёртымі рукамі – як статуя Хрыста, што ўзвышаецца над горадам – моладзь з усяго свету, якая прыбудзе ў ваш горад”, - сказаў Папа.

На заканчэнне набажэнства Святы Айцец пажалаў усім плённага Вялікага тыдня і Вялікадня.







All the contents on this site are copyrighted ©.