2012-03-31 14:57:31

У Пальмовую нядзелю Папа благаславіць 200 тыс. аліўкавых галінак


RealAudioMP3 У гэтым годзе плошчу св. Пятра ў Ватыкане ў Пальмовую нядзелю ўпрыгожаць аліўкавыя дрэвы з італьянскага рэгіёну Апулія, паведаміла 31 сакавіка Зала Друку Апостальскай Сталіцы. У заяве падкрэсліваецца, што ў міжземнаморскай культуры, асабліва ў сельскагаспадарчай Апуліі, аліўкавае дрэва – гэта знак любові і павагі, а таксама ўніверсальны сімвал міру. Зала Друку адзначае, што аліўкавае дрэва знаходзіцца на сцягу Апуліі, сімвалізуючы супакой, справядлівасць, свабоду, дыялог і гасціннасць гэтага рэгіёну. У звароце Апостальскай Сталіцы паведамляецца, што менавіта па гэтай прычыне аліўкавыя дрэвы будуць упрыгожваць плошчу св. Пятра ў Ватыкане падчас адной з найважнейшых літургічных цэлебрацый хрысціянства. Зала Друку паведамляе, што 1 красавіка, для стварэння святочнай атмасферы ўезду Хрыста ў Ерузалем, на Плошчы св. Пятра побач абеліскам будзе высаджана 13 вялікіх аліўкавых дрэў у выглядзе зваротнай піраміды. За самім абеліскам будзе знаходзіцца каля 200 тыс. аліўкавых галінак, якія, пасля таго як іх благаславіць Папа, будуць раздадзены вернікам і іерархам. Іншыя аліўкавыя дрэвы будуць змешчаны пад статуямі св. Пятра і св. Паўла.

У паведамленні падкрэсліваецца, што рэгіён, з якога ў Ватыкан прыбылі аліўкавыя дрэвы, у сваім статуце пацвярджае фундаментальную каштоўнасць міру і патрэбу пабудовы сапраўднага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і народамі. “Місія насельніцтва Апуліі – спрыяць пабудове адносін салідарнасці і абмену ў Еўропе, а таксама ў краінах Балканаў і Паўднёвага Міжземнамор’я”, - паведамляе Зала Друку.

Пасля Пальмовай нядзелі дрэвы, як дар для Святога Пасаду, будуць высаджаны ў Ватыканскіх садах.








All the contents on this site are copyrighted ©.