2012-03-31 11:14:41

СДМ 2013: “Моладзь Касцёла” мае “права” атрымаць адказы на экзістэнцыяльныя пытанні


RealAudioMP3 Арцыбіскуп Ёзэф Клеменс, сакратар Папскай рады па справах свецкіх, заўважыў, што маладосць – гэта, перш за ўсё, час вялікіх пошукаў. Паводле яго, калі чалавек малады, ён жыве ідэаламі, марамі і праектамі. Маладосць – гэта час, калі здзяйсняецца выбар адносна будучыні жыцця. “Іншымі словамі, - заўважыў іерарх, - маладосць – гэта час пастаноўкі самых важных пытанняў, якія непазбежна ўзнікаюць у жыцці, і такім чынам, прыняцця вялікіх адказаў”.

Іерарх выступіў на сустрэчы па падрыхтоўцы наступных Сусветных дзён моладзі, якая праходзіць у Рокка дзі Папа, непадалёк ад Рыма. Арцыбіскуп Клеменс адзначыў, што “моладзь Касцёла” мае “права” атрымаць адказы на экзістэнцыяльныя пытанні. Іерарх задаўся пытаннем: як Касцёл можа выканаць гэты абавязак і якім чынам можа паўдзельнічаць у вялікім заданні выхавання моладзі?

Паводле арцыбіскупа, тут могуць дапамагчы тры аспекты. Першым сярод якіх, з’яўляецца дактрынальная адукуцыя; яна звязана наўпрост з так званым “веданнем веры”. Другі аспект – гэта запрашэнне да ўдзелу моладзі ў жыцці Касцёла, перш за ўсё, літургічным і сакрамэнтальным жыцці парафіі, культурнай і дабрачыннай дзейнасці моладзевых груп, рухаў і новых супольнасцяў. Трэці напрамак, на які звярнуў увагу арцыбіскуп Клеменс – гэта асабістае сведчанне навізны і прыгажосці сустрэчы з Хрыстом, праз аўтэнтычнае хрысціянскае жыццё веры.

Ватыканскі іерарх заўважыў, што Сусветныя дні моладзі неаднойчы паказалі, што адны маладыя людзі могуць навярнуць іншых да веры. Паводле арцыбіскупа Клеменса, такі спосаб душпастырства – гэта выдатны прыклад “эклезіяльных адносін”.







All the contents on this site are copyrighted ©.