2012-03-31 13:32:46

Вялікабрытанія: сумесныя ініцыятывы католікаў і англіканаў


RealAudioMP3 Прадстаўнікі Англіканска-каталіцкага камітэта Вялікабрытаніі паведамілі, што тэмай наступнай сустрэчы стане евангелізацыя ў краіне, якая становіцца ўсё больш секулярызаванай. Больш таго, гэта праблема будзе ў цэнтры прац камітэта на працягу наступных пяці гадоў. Дзейнасць гэтага органа была адноўлена нядаўна; яго мэта заключаецца ў разціцці дыялога паміж двума канфесіямі. Сённяшняя “L’Osservatore Romano” адзначае, што некалькі дзён таму члены камітэта сабраліся ў Кентэрберыйскім саборы, каб вызначыць праграму сумеснай дзейнасці і шэраг тэм, якія прадстаўляюць асаблівую цікавасць у экуменічнай дзейнасці, асабліва пытанне аб тым, як вернікі двух канфесій могуць даваць сумеснае сведчанне ў публічных дэбатах адносна грамадскага дабрабыту ў краіне, а таксама сацыяльных і этычных пытаннях.

Каталіцкі арцыбіскуп Бірмінгема Бернард Лонглі, які з’яўляецца сустаршынёй камітэта, выказаў удзячнасць за працу, якую члены органа хочуць выканаць у будучым з мэтай “знайсці новыя шляхі да адзінства”.

Англіканска-каталіцкі камітэт Вялікабрытаніі быў заснаваны ў 1974 г. У яго склад уваходзіць па 10 прадстаўнікоў кожнай з канфесій.








All the contents on this site are copyrighted ©.