2012-03-30 17:30:04

Бэнэдыкт XVI да вязняў: верыць у любоў Бога


RealAudioMP3 Бэнэдыкт XVI скіраваў пасланне да ўдзельнікаў Крыжовага шляху, які прайшоў сёння ў рымскай турме “Рэбібія”. Пантыфік наведваў яе асабіста 18 снежня 2011 г. “Я адчуваю асаблівую радасць з прычыны гэтай ініцыятывы, бо ў маёй душы яшчэ жывыя ўспаміны аб візіце, які я здзейсніў у турму “Рэбібія” перад святамі Божага Нараджэння; я памятаю твары людзей, якіх сустракаў і словы, якія пачуў і, якія пакінулі ў ва мне глыбокі след”, - напісаў Папа. Святы Айцец нагадаў, што час, праведзены ў турме, служыць для прымірэння з самім сабой, іншымі і Богам, каб мець магчымасць вярнуцца ў грамадства. “Калі, у Крыжовым шляху бачым, што Езус падаў адзін, другі і трэці разы – разумеем, што Ён падзяліў з намі наш чалавечы стан, цяжар нашых грахоў, якія прымушалі яго падаць; але тры разы Езус уставаў і працягваў шлях на Кальварыю. Таксама і мы з Яго дапамогай можам паўстаць з нашых упадкаў і магчыма дапамагчы падняцца іншаму”, - адзначыў Бэнэдыкт XVI.

Папа падкрэсліў, што сілы Езусу давала вера ў любоў Яго Айца і ўпэўненасць, што Ён ніколі не пакіне. “Нават, калі ўсе пагарджалі Ім і не бачылі ў Ім чалавека, Езус у сваім сэрцы заўсёды быў упэўнены, што Ён Сын, умілаваны Сын Бога Айца”, - сказаў Пантыфік. У гэтым, на думку Святога Айца, заключаецца вялікі дар: Ён паказаў, што Бог – гэта бясконцая любоў, міласэрнасць, і Ён бярэ на сябе ўсе нашы грахі, каб мы маглі падняцца, прымірыцца і знайсці супакой.

Папа заклікаў вязняў заўсёды быць упэўненымі, што Бог іх не пакіне і даверыцца Панне Марыі, “якая моліцца аб нашым уваскрашэнні, бо верыць, што нават пасярод цёмнай ночы, апошняе слова – гэта святло любові Бога”.








All the contents on this site are copyrighted ©.