2012-03-29 14:36:16

Пытанне свабоды – лейтматыў падарожжа Святога Айца на Кубу


RealAudioMP3 Італьянская каталіцкая газета “Avvenire” аналізуе ў сённяшнім выпуску пілігрымку Бэнэдыкта ХVI на Кубу. Аўтар артыкула Луіджы Джэнінаццы адзначае, што лейтматывам апостальскага падарожжа Пантыфіка было пытанне свабоды ў гэтай краіне. “Папа не благаславіў рэжым братоў Кастра, але выказаў падтрымку тым, хто пажадаў стаць скарэй у аблічы смерці і быць спаленым у полымі агню, чым здрадзіць свайму сумленню і веры”, - піша журналіст. Ён адзначае, што Святы Айцец заўсёды стаіць па баку такіх людзей. Луіджы Джэнінаццы падкрэслівае, што СМІ пільна сачылі за пілігрымкай Папы на Кубу адной з самых складаных падчас цяперашняга пантыфікату. Яна была звязана з пастаяннай пагрозай палітычных маніпуляцый. “Дыпламатычная ветлівасць, поціскі рук і сардэчныя сустрэчы з уладамі краіны, а таксама з гістарычнай постацю – былым прэзідэнтам Фідэлем – у апошнім бастыёне камунізму на Захадзе, не павінны стаць прычынай, каб не заўважыць таго, што істотнае, менавіта паслання надзеі Папы, які заявіў аб сабе з пакорай, як пілігрым міласэрнасці”, - адзначае “Avvenire”.

На яго думку папскае пасланне на Кубе мела драматычны характар, таму што свабода заўсёды з’яўляецца паняццем драматычным. У сувязі з гэтым, аўтар артыкула цытуе заклік Бэнэдыкта ХVI да ўсеагульнага доступу да асноўных свабод. Джэнінаццы звяртае ўвагу на тое, што пакідаючы Кубу, Святы Айцец заклікаў да павагі і клопату пра свабоду, да якой імкнецца сэрца кожнага чалавека. “Свабода была лейтматывам гэтага незвычайнага апостальскага падарожжа Папы”, - падкрэслівае журналіст.








All the contents on this site are copyrighted ©.