2012-03-29 12:32:08

Папа ў аэрапорце Гаваны пра абмежаванне свабод


RealAudioMP3 Вечарам 28 сакавіка Бэнэдыкт XVI прыбыў у аэрапорт “Хосэ Марці” ў Гаване, дзе адбылася цырымонія развітання Пантыфіка з кубінскімі вернікамі, прадстаўлнікамі касцёльных і свецкіх уладаў. Пасля кароткай прамовы Прэзідэнта Кубы Раўля Кастра Бэнэдыкт XVI звярнуўся да прысутных. Папа падзякаваў усім хто спрычыніўся да арганізацыі яго візіту на карыбскі востраў і падтрымліваў яго малітоўна. Святы Айцец заклікаў кубінцаў быць салідарнымі, шукаць шляхоў для прымірэння і згоды ў грамадстве. Ён адзначыў, што любыя разыходжанні павінны быць вырашаны, праз пошук, таго, што аб’ядноўвае ўсіх, праз цярплівы і шчыры дыялог, а таксама жаданне слухаць і імкнуцца да мэтаў, якія прынясуць новыя надзеі. “Дзякую Богу, які мне дазволіў наведаць гэты цудоўны востраў. Куба пакінула глыбокі след у сэрцы майго ўзлюбленага папярэдніка, бл. Яна Паўла ІІ, калі ён, як пасланнік праўды і надзеі, наведваў гэтыя землі, - пачаў сваю прамову Пантыфік. - Таксама і я горача хацеў прыйсці да вас, як пілігрым любові, каб падзякаваць Найсвяцейшай Панне Марыі за фігуру, якая вельмі шануецца ў санктуарыі ў Кобрэ. Яна, на працягу 400-гадоў суправаджала Касцёл у вашай краіне і ўмацоўвала кубінцаў. Яна, дапамагала, каб вы, дзякуючы Хрысту, адкрылі сапраўдны сэнс цяжкасцяў і жаданняў, якія ёсць у сэрцы чалавека. Каб вы мелі неабходныя сілы для будавання салідарнага грамадства, у якім ніхто не будзе выключаны з яго жыцця. “Хрыстус, які ўваскрос з мёртвых, ззяе ў гэтым свеце. Ён найбольш робіць гэта там, дзе паводле чалавечага меркавання ўсё здаецца цёмным і пазбаўленым надзеі. Ён перамог смерць – Ён жыве – і вера ў Яго прасякае, як маленькі прамень усё, што цёмнае і небяспечнае” (Veglia di preghiere coi giovani, Fiera di Friburgo di Brisgovia, 24 settembre 2011).

Дзякую шаноўнаму Прэзідэнту і кіраўніцтву краіны за зацікаўленасць і шчырае супрацоўніцтва з мэтай лепшай рэалізацыі гэтага падарожжа. Я ўдзячны членам Канферэнцыі Біскупаў Кубы, якія прыклалі шмат намаганняў і ахвяраў для гэтай мэты, а таксама тым, хто дапамагаў розным чынам, асабліва малітвай.

У сваім сэрцы я забіраю ўсіх кубінцаў, якія мяне падтрымлівалі сваёй малітвай і любоўю. Тых, хто мяне сардэчна сустракаў і даў магчымасць адчуць свае самыя глыбокія і справядлівыя жаданні.

Я прыбыў, як сведак Езуса Хрыста, з моцнай упэўненасцю ў тым, што там, куды прыходзіць Ён, смутак змяняецца на надзею, дабрыня аддаляе няўпэўненасць, сіла адкрывае новыя незвычайныя далягляды і перспектывы. У Яго імя, як наступнік св. Пятра, я хацеў нагадаць аб збаўчым пасланні Хрыста, каб яно ўмацавала энтузіязм і дзейнасць кубінскіх Біскупаў, а таксама іх святароў, законнікаў і тых, хто рыхтуецца да выканання святарскага служэння або кансэкраванага жыцця. Яно служыць таксама, як новы імпульс для тых, хто супрацоўнічае, з пастаянствам і ахвярнасцю, у справе новай евангелізацыі. Гэта асабліва датычыць свецкіх вернікаў – каб яны зрабілі больш адданым сваё прысвячэнне Богу ў жыцці і працы, не стамляліся адказнасцю спрыяць дабру і ўсебаковаму прагрэсу ў сваёй радзіме.

Шлях, які Хрыстус прапануе чалавецтву, кожнай асобе і народу, не звужае, але наадварот з’яўляецца першым і прынцыповым для яго сапраўднага развіцця. Святло Хрыста, якое заззяла ў гэтыя дні, не гасне ў тых, хто яго прымае, але дапамагае ўмацаваць згоду і найлепшым чынам зрабіць плённай душу Кубы, яе самыя шляхетныя каштоўнасці, на якіх магчыма заснаваць грамадства з шырокімі даляглядамі, абноўленае і мірнае. Няхай ніхто не адчувае сябе выключаным з гэтага цяжкага задання, праз абмежаванне асабістых фундаментальных свабод, недахоп ці адсутнасць матэрыяльных сродкаў. Сітуацыя можа абцяжарвацца калі эканамічныя абмежаванні ўстаноўленыя іншымі краінамі, негатыўна ціснуць на насельніцтва.

Я заканчваю маю пілігрымку, але буду далей горача маліцца, каб вы працягвалі ваш шлях і Куба стала домам усіх і для ўсіх кубінцаў, дзе ў атмасферы братэрства будуць жыць справядлівасць і свабода. Павага і клопат аб свабодзе, якія ёсць у сэрцы кожнага чалавека з’яўляюцца істотнымі для таго, каб адказаць адпаведным чынам на фундаментальныя патрэбы годнасці чалавека і такім чынам пабудаваць грамадства, у якім кожны будзе адчуваць сябе ўпэўненым у будучыні ўласнага жыцця, сям’і і айчыны.

Сённяшнія падзеі паказваюць, што ў нацыянальным ці міжнародным суіснаванні людзей, знішчаюцца нерухомыя пазіцыі і аднабаковыя пункты гледжання, якія робяць больш складаным і неэфектыўным супрацоўніцтва. Любыя разыходжанні павінны быць вырашаны, праз бязстомны пошук, таго, што аб’ядноўвае ўсіх, праз цярплівы і шчыры дыялог, а таксама жаданне слухаць і імкнуцца да мэтаў, якія прынясуць новыя надзеі.

Куба, няхай у табе ажыве вера тваіх айцоў! Бяры ад гэтай веры сілу для будавання лепшай будучыні, май надзею на абяцанні Пана, адкрый сваё сэрца на Яго Евангелле, каб па-сапраўднаму аднавіць асабістае і грамадскае жыццё.

У той час як развітваюся з вамі, прашу Маці Божую Міласэрнасці з Кобрэ, каб бараніла кубінцаў, падтрымлівала яго ў выпрабаваннях і прасіла ў Усемагутнага ласкі, якіх народ найбольш жадае. Hasta siempre, Куба, зямля каштоўная матчынай прысутнасцю Марыі. Няхай Бог благаславіць тваю будучыню”.








All the contents on this site are copyrighted ©.