2012-03-29 13:29:57

Кс. Ламбардзі: Фідэль Кастра цікавіўся стаўленнем Папы да апошніх падзей у свеце


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыко Ламбардзі паведаміў у інтэрв’ю нашаму радыё, што сустрэча паміж Папам і Фідэлем Кастра прайшла ў вельмі інтэнсіўнай і жывой атмасферы. “Былы лідэр Кубы цікавіўся меркаваннем Бэнэдыкта ХVI адносна сучасных падзей”, - сказаў кс. Ламбардзі. Ён адзначыў, што Кастра, вельмі жадаў сустрэцца са Святым Айцом, каб задаць яму некалькі пытанняў адносна Касцёла і служэння Пантыфіка. “Іншыя пытанні тычыліся сучаснай сітуацыі чалавецтва: выклікаў і цяжкасцяў, на якія неабходна знайсці адказы, таксама закраналася пытанне міжрэлігійнага дыялога”, - паведаміў кс. Ламабардзі.

Святы Айцец даваў адказы ў перспектыве таго, што рэлігійны погляд на чалавека і свет можа ўнесці, каб знайсці святло, накірункі, фундамент у пошуку шляхоў для вырашэння праблем сённяшняга свету. Фідэль Кастра выказаў радасць з таго факту, што Маці Тэрэза і Ян Павел ІІ былі паднесены да хвалы алтароў. “Гэта дзве вялікія постаці, якіх ён ведаў і сустракаўся асабіста, і да якіх меў вялікую павагу і захапленне”, - адзначыў кс. Ламбардзі.

“Два апостальскія падарожжы на Кубу на працягу апошніх 14 гадоў – бл. Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта ХVI – дапамаглі мясцоваму Касцёлу аднавіць сваю прысутнасць у кубінскім грамадстве”, - падкрэсліў кіраўнік Залі Друку. Паводле кс. Ламбардзі, Святы Айцец прасіў у кубінскага кіраўніцтва большай прасторы для рэлігійнай свабоды ў краіне і магчымасці шырэйшага ўдзелу Касцёла ў адукацыйнай і дабрачыннай дзейнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.