2012-03-28 17:06:50

Бэнэдыкт XVI падчас св. Імшы ў Гаване казаў аб праўдзе і свабодзе


RealAudioMP3 28 сакавіка Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу, якая прайшла на плошчы Рэвалюцыі ў Гаване. Гэта месца з’яўляецца адным з сімвалам Кубы і можа змясціць каля 600 тыс. чалавек. Раніцай, каля 8.30 па кубінскім часе Пантыфік прыбыў на плошчу, а затым разам з шматлікімі іерархамі і ў прысутнасці вялікай колькасці вернікаў цэлебраваў св. Імшу. У сваёй гаміліі Папа адзначыў, што толькі пошук праўды можа зрабіць чалавека свабодным, бо ў ёй знаходзім фундаменты этыкі з якой могуць лічыцца ўсе, а таксама ясныя і канкрэтныя фармуліроўкі аб жыцці і смерці, абавязках і правах, шлюбе, сям’і і грамадстве, непарушнасці годнасці чалавека. “Гэта этычная спадчына – можа зблізіць розныя культуры, народы, рэлігіі, улады і грамадзян, а таксама грамадзян паміж сабой, веруючых у Хрыста з тымі хто не верыць у Яго”, - сказаў Святы Айцец. “Дарагія браты і сёстры! – прывітаў прысутных Папа - “ Благаслаўлёны Ты Пане Божа... Благаслаўлёна Тваё хвалебнае і святое імя” (Дан 3, 52). Гэты гімн благаслаўлення з Кнігі прарока Даніэля гучыць сёння падчас нашай літургіі запрашаючы заўсёды благаслаўляць і праслаўляць Бога. Мы з’яўляемся часткай народа, які няспынна святкуе Пана. Аб’яднаемся ў гэтым учынку ласкі, і узнясём наш радасны і даверлівы голас, які спрабуе злучыць у любові і праўдзе шлях веры. “Няхай будзе благаслаўлёны Пан” які нас сабраў на гэтай сімвалічнай плошчы, каб мы глыбока паразважалі над сваім жыццём. Я адчуваю вялікую радасць ад быцця сярод вас і магчымасці ўзначаліць гэту св. Імшу ў сэрцы юбілейнага года прысвечанага Маці Божай Міласэрнасці Эль Кобрэ.

Сардэчна вітаю кардынала Хаэмэ Артэгу, арцыбіскупа Гаваны і дзякую за цёплыя словы прывітання, якія ён скіраваў да мяне ад імя ўсіх. Вітаю таксама шаноўных кардыналаў, маіх братоў біскупаў Кубы і іншых краін, якія удзельнічаюць у гэтай урачыстай цэлебрацыі. Вітаю ўсіх прысутных святароў, семінарыстаў, законнікаў і вернікаў, а таксама прадстаўнікоў уладаў, які тут ёсць разам з намі.

У першым чытанні, якое прагучала, тры маладых чалавека, пераследаваныя вавілонскім валадаром, аддалі перавагу таму, каб памерці ў полыме, перад тым, каб здрадзіць свайму сумленню і веры. Яны знайшлі сілу “хваліць, праслаўляць і благаслаўляць Бога” з упэўненасцю, што Бог Сусвету і гісторыі не дазволіць ім памерці. Сапраўды, Бог не пакідае ніколі сваіх сыноў і не забывае аб іх ніколі. Ён стаіць па-над намі і здольны збавіць нас сваёй сілай. У той жа час, Ён блізка да свайго народа, і праз свайго Сына Езуса Хрыста захацеў пасяліцца паміж намі.

“Калі вы будзеце трываць у слове Маім, то сапраўды будзеце вучнямі Маімі і пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8,31). У фрагменце Евангелля, які быў прачытаны, Езус адкрыўся як Сын Бога Айца, Збаўца, адзіны, хто можа паказаць праўду і даць сапраўдную свабоду. Яго навучанне правакавала супраціў і няўрымлівасць яго суразмоўцаў. Ён іх абвінаваціў ў тым, што яны шукалі яго смерці, маючы на ўвазе найвышэйшую ахвяру прынесеную на крыжы, якая набліжалася. Але ў той жа момант Ён заклікаў верыць, заставацца ў Яго слове, каб ведаць праўду, якая адкупляе і ўзнагароджвае.

Сапраўды, праўда – гэта гарачае жаданне кожнага чалавека. Пошук яе – гэта заўсёды практыкаванне ў сапраўднай свабодзе. Многія, аднак, аддаюць перавагу ярлыкам і адмаўляюцца ад задання пошуку праўды. Некаторыя, як Понцій Пілат, іранізуюць над магчымасцю пазнаць праўду (пар. Ян 18,38), абвяшчаючы няздольнасць чалавека дасягнуць яе і адмаўляючы існаванне праўды для ўсіх. Такая пазіцыя, як і ў выпадку са скептыцызмам і релятывізмам, спрыяе перамене ў сэрцы, робячы яго халодным, далёкім ад іншых і закрытым у сабе. Людзі, якія мыюць рукі, як рымскі правіцель і дазваляюць бегчы рацэ гісторыі не перашкаджаючы ёй.

З іншага боку, ёсць тыя, хто кепска разумее гэты пошук праўды, зводзячы яго да нерацыянальнасці і фанатызма. Так яны закрываюцца ў “сваёй праўдзе” і спрабуюць пераканаць у ёй іншых. Яны, як тыя прыхільнікі закона, якія, калі ўбачылі акрываўленага і параненага Хрыста, крычалі: “Укрыжуй!” (пар. Ян 19,6). У рэальнасці, той, хто дзейнічае нерацыянальна не можа стаць вучнем Хрыста. Вера і розум неабходны і абавязковы пры пошуку праўды. Бог стварыў чалавека даўшы яму пакліканне імкнуцца да праўды і для гэтага надзяліў яго розумам. Канешне, не ірацыянальнасць, але жаданне праўды, спрыяе хрысціянскай веры. Кожны чалавек павінен імкнуцца да праўды і бараніць яе калі знойдзе, часам нават рызыкуючы вялікімі ахвярамі.

Праўда аб чалавеку, гэта неабходная ўмова для дасягнення свабоды, бо ў ёй знаходзім фундаменты этыкі з якой могуць лічыцца ўсе, а таксама ясныя і канкрэтныя фармуліроўкі аб жыцці і смерці, абавязках і правах, шлюбе, сям’і і грамадстве, непарушнасці годнасці чалавека. Гэта этычная спадчына – можа зблізіць розныя культуры, народы, рэлігіі, улады і грамадзян, а таксама грамадзян паміж сабой, веруючых у Хрыста з тымі хто не верыць у Яго.

Хрысціянства, узвышаючы каштоўнасці, якія ляжаць у аснове этыкі, не перашкаджае, але неааварот, агучвае заклік Хрыста пазнаць праўду, якая зробіць свабоднымі. Вернікі пакліканы звяртацца да сваіх сучаснікаў, як гэта рабіў Пан, нават перад цёмным прадчуваннем адварочвання і крыжа. Асабістая сустрэча з Тым, хто з’яўляецца праўдай, натхняе дзяліцца гэтым дарам з іншымі, асабліва праз сведчанне.

Дарагія сябры, не бойцеся ісці за Хрыстом. У Ім можна знайсці праўду аб Богу і чалавеку. Ён дапамагае перамагчы наш эгаізм, выйсці за рамкі нашых амбіцый і ўзвысіцца нат тым, што нас прыціскае. Той, хто чыніць зло і грэх з’яўляецца рабом граху і ніколі не дасягне свабоды (пар. Ян 8,34). Толькі адмовіўшыся ад нянавісці, цвёрдага і сляпога сэрца, станем свабоднымі і новае жыццё пачнецца ў нас.

Толькі з моцнай упэўненасцю ў тым, што Хрыстус з’яўляецца сапраўдным вымярэннем чалавека, і ведаючы, што ў Ім знаходзіцца неабходная моц, каб вытрымаць любое выпрабаванне, я хачу адкрыта абвясціць, што Пан Езус – гэта Дарога, Праўда і Жыццё. У Ім можна знайсці поўню свабоды, святло для глыбокага разумення рэальнасці і магчымасць змяніць яе абнаўляючай моцай любові.

Касцёл жыве для таго, каб зрабіць іншых удзельнікамі таго, чым з’яўляецца, а менавіта самаго Хрыста, надзеі і радасці (пар. Клс 1,27). Для таго, каб выканаць гэта заданне, для Касцёла павінна існаваць рэлігійная свабода, якая заключаецца ў тым, каб мець магчымасць для публічнага абвяшчэння і святкавання веры, нясучы пасланне любові, прымірэнння і згоды, якія Езус прынёс свету. Варта з радасцю прызнаць, што на Кубе былі зроблены крокі, для таго, каб Касцёл мог выконваць гэту сваю місію і публічна і адкрыта абвяшчаць сваю веру. Аднак, неабходна працягваць. Таму, я хачу заклікаць кіруючыя ўлады краіны ўмацаваць тое, што было дасягнута і працягваць гэты шлях служэння супольнаму дабру і усяму кубінскаму грамадству.

Права на свабоду веравызнання, як ў індывідуальным, так і ў камунітарным вымярэнні, паказвае адзінства чалавека, які адначасова з’яўляецца грамадзянінам і вернікам. Законна тое, што таксама і вернікі павінны рабіць уклад у будаванне грамадства. Яе ўмацаванне спрыяе мірнаму суіснаванню, надзеі на лепшую будучыню, стварае добрыя ўмовы для супакою і гарманічнага развіцця. Адначасова, устанаўлівае моцны фундамент, які будзе гарантаваць правы будучых пакаленняў.

Калі Касцёл узвышае права на свабоду веравызнання, ён не патрабуе якіх-небудзь прывілегій. Касцёл хоча быць верным заданню атрыманаму ад свайго Боскага заснавальніка, свядомы таго, што дзе прысутнічае Хрыстус, чалавек узрастае ў чалавечнасці і знаходзіць сэнс свайго існавання. Таму, Касцёл спрабуе даць сведчанне гэтаму ў сваім прапаведванні і навучанні, у катэхезе, а таксама ў выхаваўчых і універсітэцкіх асяродках. Неабходна спадзявацца, што хутка наступіць той момант, калі Касцёл зможа знайсці ў розных сферах ведаў, плёны місіі якую Пан яму даверыў і ніколі не можа пазбавіць.

Цудоўным прыкладам гэтай працы можа быць кс. Фелікс Варэла, выхаваўца і настаўнік, выдатны сын горада Гаваны, які застаўся ў гісторыі Кубы першым, хто пачаў навучаць думаць свой народ. Кс. Варэла паказаў шлях для сапраўдных грамадскіх перамен: выхоўваць цнатлівых людзей, каб краіна стала годнай і свабоднай, бо гэта перамена залежыць ад духоўнага жыцця чалавека; сапраўды, “няма айчыны без цнотаў”. Куба і свет маюць патрэбу ў пераменах але яны наступяць толькі ў набліжэнні да праўды і калі будзе прынята рашэнне стаць на шлях любові, сеючы прымірэнне і братэрства.

Просячы матчынага заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі, памолімся, каб кожны раз калі ўдзельнічаем у Эўхарыстыі мы станавіліся сведкамі любові, якая адказвае на зло дабром (пар. Рым 12,21), даючы іншым сябе як жывую гостыю. Будзем ісці ў святле Хрыста, які можа асвяціць цемру памылак. Памолімся да Яго, з гарачынёю святых, дадзім яму свабодны, шчыры адказ, без страха і крыўдаў.









All the contents on this site are copyrighted ©.