2012-03-27 15:44:33

Папа ў Санц’яга дэ Куба: будаваць адкрытае і абноўленнае грамадства


RealAudioMP3 27 сакавіка Бэнэдыкт XVI узначаліў св. Імшу з нагоды 400-годдзя адшукання фігуры Маці Божай з Карыдад дэль Кобрэ, якая вельмі шануецца кубінскім народам. Літургія прайшла на плошчы імя Антоніо Масэо ў Санц’яга дэ Куба. Перад св. Імшой статуэтка Панны Марыі была ўрачыста прынесена на алтар і ўстаноўлена на спецыяльным пастаменце. Затым Святы Айцец зрабіў сімвалічны падарунак Найсвяцейшай Панне ў выглядзе залатой ружы. У сваёй гаміліі Папа заклікаў кубінскіх вернікаў умацоўваць сваю веру, жыць узброіўшыся супакоем, прабачэннем і разуменнем, а таксама будаваць адкрытае і абноўленнае грамадства, больш годнае чалавека. “Дарагія браты і сёстры! - сказаў Папа - Дзякую Богу, які мне дазволіў быць сярод вас і рэалізаваць гэта падарожжа, якога я вельмі жадаў. Вітаю арцыбіскупа Санц’яга дэ Куба Дыянісія Гарсію Ібанэса і дзякую яму за цёплыя словы прывітання, якія ён скіраваў ад імя ўсіх; вітаю, таксама кубінскіх біскупаў і тых, якія прыбылі з іншых месцаў. Вітаю святароў, законнікаў, семінарыстаў і свецкіх вернікаў прысутных на гэтай цэлебрацыі. Не магу забыцца аб тых, хто не можа тут быць з-за хваробы, узросту ці іншых прычын. Вітаю таксама прадстаўнікоў уладаў, якія шчыра пажадалі быць разам з намі.

Гэта св. Імша, якую я маю радасць узначаліць падчас майго першага Апостальскага падарожжа ў вашу краіну, супадае з юбілейным марыйным годам, які адзначаецца ў гонар Маці Богай Міласэрнасці з Эль Кобрэ, Апякункі Кубы у 400-годдзе адшукання яе выявы, вельмі шанаванай на гэтай благаслаўлёнай зямлі. Я хачу адзначыць ахвярнасць і прысвячэнне, з якім праходзіла падрыхтоўка да гэтага юбілею, асабліва з духоўнага пункту гледжання. Мяне перапоўнілі эмоцыі, калі я даведаўся як кубінцы віталі і маліліся да Марыі падчас падарожжа яе статуэткі па ўсіх кутках і месцах вострава.

Гэтыя важныя падзеі ў жыцці Касцёла на Кубе будуць асветлены незвычайным ззяннем свята, якое сёння святкуе ўвесь Паўсюдны Касцёл: Звеставаннем Пана. У рэальнасці, уцелаўленне Божага Сына – гэта галоўная таямніца хрысціянскай веры, і ў ёй Марыя мае першаснае месца. Аднак, якое значэнне мае гэта таямніца? У чым яе важнасць для нашага жыцця?

Перш за ўсё паглядзім, што значыць уцелаўленне. Евангелле паводле св. Лукі, якое мы чулі, перадае словы анёла да Марыі: “Дух Святы сыдзе на Цябе і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму і Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым” (Лк 1, 35). У Марыі Божы Сын стаў чалавекам, і гэтым споўнілася прароцтва Ісаі: “Вось, панна зачне і народзіць сына, якога назаве Эмануэль” (Іс 7,14). Так, Езус, Слова, якое стала целам – гэта Бог-з-намі, які прыйшоў жыць сярод нас і раздзяліць наш чалавечы стан. Св. Ян Апостал гэта выказаў наступнымі словамі: “Слова стала целам і пасялілася між намі” (Ян 1, 14). Выраз “стала целам” указвае на рэальную і датыкальную чалавечую рэчаіснасць. У Хрысце Бог па-сапраўднаму прыйшоў у свет, увайшоў у нашу гісторыю, пасяліўся сярод нас і такім чынам выканаў глыбокае ўнутранае жаданне чалавека, аб тым, каб свет сапраўды стаў для яго домам. Але калі Бог выцясняецца, свет становіцца негасцінным для чалавека, размываючы такім чынам сапраўднае пакліканне ўсяго створанага быць прасторай для адзінства, для “так” сказанага любові Бога і чалавецтву, якое яму адказвае. Так учыніла Марыя, як першая паверыла, праз сваё бескарыснае “так”, сказанае Пану.

Таму, разважаючы над таямніцай уцелаўлення, мы можам скіраваць нашы вочы на яе, напоўніцца захапленнем, падзякай, любоўю і ўбачыць як наш Бог, уваходзячы ў свет, пажадаў даверыцца свабоднаму выбару аднаго свайго стварэння. Толькі калі Панна адказала анёлу: “Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова” (Лк 1, 38), з гэтага моманту, вечнае Слова Айца пачало сваё зямное існаванне. Вельмі ўражвае, што Бог не толькі паважае свабоду чалавека, але здаецца мае ў ёй патрэбу. І так мы бачым, як пачатак зямнога існавання Божага Сына быў адзначаны падвойнай згодай на збаўчую волю Айца: Хрыста і Марыі. Гэта пакора перад Богам з’яўляецца тым, што адкрывае дзверы света на праўду і збаўленне. Бог, старыў нас, як плён сваёй бясконцай любові; таму жыць паводле яго волі, значыць знайсці нашу сапраўдную ідэнтычнасць, праўду аб нас саміх. У той жа час аддаляцца ад Бога азначае аддаляцца ад саміх сябе і ўводзіць саміх сабе ў пустэчу. Пакора ў веры – гэта сапраўдная свабода, праўдзівае адкупленне, якое дазваляе нам паяднацца з любоўю Езуса ў яго намаганні адказваць волі Айца. Адкупленне – гэта заўсёды працэс, які вядзе чалавечую волю да поўнай еднасць з Божай воляй (Lectio Divino з семінарыстамі Рыма, 18 лютага 2010 г.)

Дарагія браты, сёння мы праслаўляем Найсвяцейшую Панну за яе веру і разам са св. Альжбетай кажам: “Шчаслівая тая, якая паверыла” (Лк 1,45). Як казаў св. Аўгустын, Марыя зачала Хрыста напачатку ў сваім сэрцы дзякуючы веры, і толькі затым фізічна ў сваім улонні; Марыя верыла і ў ёй споўнілася тое, у што яна верыла. Памолімся да Пана, каб Ён умацаваў нашу веру, якая робіць актыўнай і моцнай нашу любоў. Папросім Яго быць здольнымі, як яна, прыняць у наша сэрца Слова Божае і практыкаваць яго з пакорай і пастаянствам.

Панна Марыя, за сваю незаменную ролю ў таямніцы Хрыста з’яўляецца выявай і мадэллю Касцёла. Касцёл таксама, як і Маці Хрыста, пакліканы прыняць у сабе таямніцу Бога, які прыходзіць, каб жыць у ім. Дарагія браты, я ведаю з якімі намаганнямі, жаданнем і ахвярамі вы штодзённа працуеце, у канкрэтных умовах, што існуюць у вашай краіне, у гэты гістарычны момант. Касцёл усё больш паказвае сваё сапраўднае аблічча, як месца, дзе Бог набліжаецца да людзей і сустракаецца з імі. Касцёл – жывое цела Хрыста, мае заданне працягваць на зямлі збаўчую прысутнасць Бога, адкрыць свет на нешта большае чым ён сам, на любоў і святло Бога. Дарагія сябры, варта прысвяціць усё сваё жыццё Хрысту, штодзённа ўзрастаць у сяброўстве з Ім і адчуваць сябе пакліканнымі абвяшчаць прыгажосць і дабрыню ўласнага жыцця ўсім людзям, нашым братам. Я хачу ўмацаваць вас у вашай місіі, якая заключаецца ў тым, каб сеяць у свеце слова Бога і насычаць усіх целам Хрыста. Перад надыходам Пасхі, без страху прысвяцім саміх сябе наследванню Езуса на яго шляху да крыжа. З цярпеннем і верай прымем любыя супярэчнасць і перашкоды, памятаючы, што сваім уваскрасеннем, Ён перамог уладу зла і даў пачатак новаму свету, свету Бога, святла, праўды і радасці. Пан не перастане благаслаўляць шматлікімі плёнамі шчырасць, з якой вы працуеце.

Таямніца ўцелаўлення, у якой Бог стаў блізкім да нас, паказвае таксама, ні з чым непараўнальную годнасць чалавечага жыцця. Таму, у сваім плане любові, ад самага пачатку, Бог даверыў сям’і заснаванай на сужэнстве, найвышэйшую місію быць фундаментальнай ячэйкай грамадства і сапраўдным хатнім Касцёлам. З упэўненасцю ў гэтым, вы, дарагія сужонкі, павінны быць, асабліва для вашых дзяцей рэальным і бачным знакам любові Хрыста да Касцёла. Куба патрабуе сведчання вашай вернасці, вашага адзінства, здольнасці прымаць чалавечае жыццё, асабліва безабароннае, якое шмат чаго патрабуе.

Дарагія браты, пад позіркам Панны Марыі Міласэрнасці з Кобрэ, я хачу заклікаць вас умацоўваць сваю веру, жыць Хрыстом і для Хрыста, а таксама са зброяй супакою, прабачэння і разумення, будаваць адкрытае і абноўленнае грамадства, больш годнае чалавека, больш уважлівае да дабрыні Бога. Амэн”.

Пасля заканчэння св. Імшы Святы Айцец накіраваўся ў духоўную семінарыю св. Базыля Вялікага. Яна стала яго рэзідэнцыяй падчас візіту ў Санц’яга дэ Куба.








All the contents on this site are copyrighted ©.