2012-03-27 17:40:15

Бэнэдыкт ХVI у санктуары Эль Кобрэ: я даручыў Маці Божай будучыню вашай краіны


RealAudioMP3 27 сакавіка Святы Айцец прыбыў у нацыянальны санктуарый Маці Божай Міласэрнасці ў Эль Кобрэ, каб аддаць пашану апякунцы Кубы. Гісторыя гэтай фігуры звязана з палітычнымі і грамадскімі падзеямі ў краіне. У 1606 г. тры рыбакі, адзін з якіх быў нявольнікам, знайшлі ў рацэ фігуру прыбітую да дрэва з надпісам: “Я – Паннай Міласэрнасці”. Яны занеслі фігуру ў бліжэйшую парафію ў Эль Кобрэ. Менавіта тут у 1684 г. быў пабудаваны першы ў краіне санктуарый, паколькі Маці Божая з Эль Кобрэ пачала славіцца цудамі. З цягам часу яе пачалі называць Апякункай Кубы. Перад уваходам у санктуарый Святога Айца прывітаў арцыбіскуп Санц’яга дэ Куба Дыанісіо Гарсія Ібанэс. Пасля малітвы перад фігурай Багародзіцы Папа прывітаў жыхароў Эль Кобрэ, якія сабраліся перад святыняй. “Дарагія браты і сёстры! – сказаў ён. - Я як пілігрым прыбыў у дом цудоўнага абраза Маці Божай Міласэрнасці “la Mambisa” – як вы ласкава Яе называеце. Яе прысутнасць ў Эль Кобрэ – гэта дар з нябёсаў для кубінскага народа.

Я жадаю сардэчна прывітаць ўсіх прысутных. Прыміце любоў Папы і занясіце яе ўсюды, каб усе адчулі суцяшэнне і ўмацаванне ў веры. Скажыце кожнаму, каго сустрэнеце, блізкім і далёкім, што я даручыў Маці Божай будучыню вашай краіны, каб яна ішла па шляху аднаўлення і надзеі на карысць дабра ўсіх жыхароў. Я прасіў Насвяцейшую Панну Марыю, каб падтрымала тых, хто пакутуе; тых, хто пазбаўлены свабоды; тых, хто знаходзіцца далёка ад сваіх родных або перажывае сур’ёзныя цяжкасці. Я даручыў Яе беззаганнаму Сэрцу маладых людзей, каб былі сапраўднымі сябрамі Хрыста і не прымалі прапаноў, якія прыносяць выключна смутак.

Перад Марыяй Міласэрнасці я асабліва памятаў аб кубінскіх продках, якія прыбылі сюды з Афрыкі, а таксама пра насельніцтва Гаіці, якое ўсё яшчэ пакутуе ад вынікаў вядомага землятрусу, які прайшоў у краіне два гады таму. Я не забыўся таксама пра шматлікіх земляробаў і іх сем’і, якія хочуць жыць Евангеллем і адчыняюць свае дамы як місійныя цэнтры для цэлебрацыі Эўхарыстыі.

Па прыкладзе Насвяцейшай Панны Марыі я заклікаю ўсіх дзяцей гэтай дарагой зямлі працягваць будаваць сваё жыццё на скале, якой з’яўляецца Езус Хрыстус і працаваць на карысць справядлівасці і быць слугамі міласэрнасці, стойкімі да выпрабаванняў. Няхай нішто і ніхто не адыме ў вас унутранай радасці, так характэрнай для кубінскай душы. Няхай вас благаславіць Бог. Вельмі дзякую”, - сказаў у заключэнне Папа.

Пасля наведання санктуарыя, Святы Айцец накіраваўся ў аэрапорт Санц’яга дэ Куба, каб здзейсніць пералёт у сталіцу краіны Гавану. Там Папа яшчэ 28 сакавіка здзейсніць кароткі візіт да Прэзідэнта Кубы і сустрэнецца на вячэры з кубінскімі іерархамі. 29 сакавіка Бэнэдыкт XVI узначаліць св. Імшу на гаванскай плошчы Рэвалюцыі. Гэта будзе апошні пункт візіту. Вечарам Святы Айцец вылеціць з гаванскага аэрапорта “Хосэ Марці” у Рым.







All the contents on this site are copyrighted ©.