2012-03-27 13:04:54

Бэнэдыкт ХVI на Кубе: я нашу ў сваім сэрцы імкненні ўсіх кубінцаў


RealAudioMP3 26 сакавіка каля 22.00 па беларускім часе самалёт з Бэнэдыктам ХVI на борце прызямліўся ў аўрапорце Санц’яга дэ Куба. Тут Святога Айца віталі прадстаўнікі дзяржаўных уладаў краіны на чале з Прэзідэнтам Раўлем Кастро, а таксама епіскапат краіны. Пасля выканання гімнаў і прывітання кіраўніка дзяржавы, да прысутных звярнуўся Бэнэдыкт ХVI. “Дзякую Вам, спадар Прэзідэнт за гасціннасць і за цёплыя словы прывітання, якімі Вы пераказалі павагу з боку ўладаў і кубінскага народа да наступніка св. Пятра. - сказаў Папа. - Я вітаю прадстаўнікоў уладаў, прысутных тут, а таксама членаў дыпламатычнага корпусу. Кірую сардэчныя словы прывітання арцыбіскупу Санц’яга дэ Куба і старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Кубы Дэонісіо Гульермо Гарсіі Ібанэсу; арцыбіскупу Гаваны кардыналу Хайма Артэге Аламіно і іншым кубінскім братам у біскупстве, якім я выказваю маю духоўную блізкасць. Вітаю ад ўсяго сэрца вернікаў Каталіцкага Касцёла на Кубе, паважаных жыхарорў гэтага прыгожага вострава і ўсіх кубінцаў дзе б яны не знаходзіліся. Вы заўсёды ў маім сэрцы і ў маіх малітвах, асабліва ў гэтыя дні, калі наблізіўся жаданы момант візіту, які дзякуючы Божай дабрыні я маю магчымасць ажыццявіць.

Прыбываючы да вас я не магу не ўзгадаць гістарычнга візіту на Кубу майго папярэдніка бл. Яна Паўла ІІ, які пакінуў глыбокі след у душах кубінцаў. Для многіх людзей, для веруючых і няверуючых, яго прыклад і навучанне з’яўляюцца пуцяводнымі зоркамі, якія паказваюць накірунак у асабістым і грамадскім жыцці – ажыццяўляць служэнне для агульнага дабра нацыі. Сапраўды, яго пілігрымка на Кубу была як лагодны павеў свежага паветра, які даў Касцёлу на Кубе новую энергію, нараджаючы ў многіх жыхарах адноўленую свядомасць важнасці веры, заклікаючы іх адкрыць сэрцы да Хрыста і ў той жа час аднавіў надзею і стымуляваў жаданне да адважнай працы на карысць лепшай будучыні. Адным з важных плёнаў гэтага візіту стала адкрыццё новага этапу ў адносінах паміж Каталіцкім Касцёлам і кубінскай дзяржавай у духу большага супрацоўніцтва і даверу, хоць існуе ўсё яшчэ шмат галінаў, у якіх мы можам і павінны шмат працаваць, асабліва ў дачыненні да істотнага ўкладу, які рэлігія паклікана ўносіць у сферу грамадскага жыцця.

Я вельмі рады, што магу далучыцца да вашай радасці ў сувязі са святкаваннем 400-годдзя адкрыцця абраза Маці Божай Міласэрнасці з Эль Кобрэ. Яе вобраз быў з самага пачатку прысутны як ў асабістым жыцці жыхароў Кубы, так і ў вялікіх падзеях краіны, асабліва ў перыяд яе незалежнасці. Усе шанавалі яе як сапраўдную маці кубінскага народа. Адданасць да “La Virgen Mambisa” умацоўвала веру і заклікала да абароны і спрыяння таму, што робіць годным становішча чалавека і яго асноўныя правы. Яна надалей працягвае гэта рабіць з яшчэ большай сілай, даючы бачнае сведчанне плённасці абвяшчання Евангелля на гэтых землях, а таксама аб глыбокіх хрысціянскіх каранях, якія сведчаць аб глыбокай ідэнтычнасці душы кубінскага народу. Ідучы па шляху шматлікіх пілігрымаў на працягу гэтых стагоддзяў, таксама і я жадаю прыбыць да Эль Кобрэ, стаць на калені ля ног Божай Маці, каб падзякаваць Ёй за яе справы на карысць усіх сваіх кубінскіх дзяцей і прасіць яе заступніцтва, каб кіравала лёсам гэтага ўмілаванага народу на яго шляху справялівасці, супакою, свабоды і прымірэння.

Я прыбываю на Кубу як пілігрым любові, каб ўмацаваць маіх братоў па веры і заклікаць іх да надзеі, якая нараджаецца з прысутнасці любові Бога ў нашым жыцці. Я нашу ў сваім сэрцы справядлівыя імкненні і законныя жаданні ўсіх кубінцаў, дзе б яны не знаходзіліся, іх пакуты і радасці, іх праблемы і высакародныя жаданні, асабліва моладзі і пажылых людзей, падлеткаў і дзяцей, хворых і работнікаў, зняволеных і іх сем’яў, а таксама бедных і патрабуючых.
У многіх частках свету людзі жывуць у вялікіх эканамічных цяжкасцях. Многія прызнаюць, што яны звязаны з глыбокім духоўна-маральным крызісам, які пакінуў чалавека без каштоўнасцяў, безабаронным перад эгаізмам і амбіцыямі некаторых сіл, якія не бяруць пад увагу сапраўднае дабро чалавека і сям’і. Мы не можам працягваць ісці ў гэтым культурным і маральным накірунку, які выклікаў балючую сітуацыю, што адчулі шматлікія асобы. Наадварот, сапраўдны прагрэс патрабуе этыкі, якая ставіць у цэнтры чалавека і ўлічвае яго найбольшыя патрэбы, асабліва яго духоўнае і рэлігійнае вымярэнне. Таму ў сэрцах і розумах многіх людзей усё больш яснай становіцца ўпэўненасць у тым, што адраджэнне грамадства і свету патрабуе людзей справядлівых, з цвёрдымі маральнымі перакананнямі і высакароднымі каштоўнасцямі, людзей, якімі не будуць маніпуляваць вузкія інтарэсы, і, якія маюць нязменны, трансцэндэнтны характар.

Дарагія сябры, я перакананы, што Куба ў гэты настолькі важны момант сваёй гісторыі ўжо глядзіць у будучыню і таму гэтага імкнецца аднавіць і пашырыць свае гарызонты. Гэтаму спрыяе вялікая спадчына духоўных і маральных каштоўнасцяў, якія сфарміравалі яе сапраўдную ідэнтычнасць, упісаную ў жыццё і дзейнасць многіх славутых айцоў краіны, такіх як бл. Хасэ Алалло і Вальдэс, слуга Божы Фелікс Варэла і славуты Хасэ Марці. Касцёл, са свайго боку, рашуча спрыяў пашырэнню каштоўнасцяў праз сваю ахвярную і нястомную душпастырскую місію. Ён аднаўляе свае памкненні далей нястомна працаваць і лепш служыць усім кубінцам.

Я малюся да Пана, каб Ён шчодра благаславіў гэту зямлю і яе дзяцей, асабліва абяздоленых, маргіналізаваных, пакутуючых целам і душой, каб праз заступніцтва Маці Божай Міласэрнасці з Эль Корбэ, даў усім вам будучыню поўную надзеі, салідарнасці і згоды. Дзякуй”.

Пасля прывітальнай цырымоніі Святы Айцец накіраваўся ў рэзідэнцыю арцыбіскупа Санц’яга дэ Куба, каб пасля кароткага адпачынку прыбыць на плошчу імя Антоніо Масео і ў прысутнасці 200 тыс. асоб узначаліць св. Імшу, прымеркаваную да 400-годдзя адшукання фігуры Маці Божай Міласэрнасці з Эль Кобрэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.