2012-03-27 11:22:27

Бэнэдыкт XVI пакінуў Мексіку: развітальная прамова


RealAudioMP3 Каля 18.00 па беларускім часе Бэнэдыкт XVI прыбыў у міжнародны аэрапорт Гуанахуата, каб развітацца з вернікамі Мексікі і накіравацца на Кубу, наступны пункт свайго Апостальскага падарожжа. У аэрапарту Пантыфіка чакалі шматлікія вернікі, прадстаўнікі касцёльных і свецкіх уладаў, на чале з Прэзідэнтам краіны Феліпэ Кальдэронам. Пасля развітальнай прамовы кіраўніка дзяржавы Папа звярнуўся да прысутных з заклікам быць вернымі сваім хрысціянскім караням і не дазволіць напужаць сябе сілам зла. “Маё кароткае, але насычанае падзеямі падарожжа ў Мексіку падыйшло да свайго канца. Але гэта не канец маёй любові і блізасці да краіны, якую я нашу ў глыбіні сваёй душы. Я пакідаю вас трымаючы ў памяці незабыўныя падзеі, увагу і праявы любові, якія атрымаў. Дзякую за ветлівыя словы спадара Прэзідэнта, а таксама за тое, што ён зрабіў для гэтага падарожжа. Дзякую ад усяго сэрца тым, хто працаваў, каб усё да малейшых дэталяў было рэалізавана добра. Прашу Пана, каб вашыя намаганні не былі дарэмнымі, і каб з вашай дапамогай, прыносілі трывалыя ў жыцці плёны веры, надзеі і любові для Леона і Гуанахуаты, Мексікі і краін-братоў Лацінскай Амерыцы і Карыбскага басейна.

Перад верай у Езуса Хрыста, якую я пачуў у вашых сэрцах, і шанаваннем Яго Маці – якую тут называюць шматлікімі прыгожымі імёнамі, як напрыклад Гуадэлупскую ці Святла, я хачу паўтарыць з моцай і яснасцю заклік да мексіканскага народа быць верным сабе самаму і не дазволіць напужаць сябе сілай зла, быць мужнымі і працаваць, каб сцябло хрысціянскіх каранёў заквітнела ў сваёй сучаснасці і будучыні.

Я стаў сведкам турботаў за некаторыя аспекты жыцця гэтай любімай мной краіны. Некаторыя з іх больш відавочныя, бо паходзяць з мінулага і працягваюць выклікаць раны. Я іх таксама забіраю з сабой, падзяляючы радасць і боль маіх братоў мексіканцаў, каб прынесці іх пад крыж, да сэрца Хрыста, з якога выцякла вада і кроў адкуплення.

У такіх умовах, я заклікаю мексіканскіх католікаў і усіх мужчын і жанчын добрай волі, не падпарадкоўвацца утылітарыскай ментальнасці, якая заўсёды заканчваецца прыніжэннем найбольш слабых і безабаронных. Я заклікаю вас да салідарнага намагання, якое дазволіць грамадству аднавіцца ў сваіх фундаментах і рэалізаваць годнае, справядлівае і спакойнае жыццё для ўсіх. Для католікаў, гэты ўклад у супольнае дабро з’яўляецца таксама неабходным вымярэннем Евангелля, якое з’яўляецца дабром для чалавека і найвышэйшым выразам любові. Таму Касцёл заклікае ўсіх сваіх вернікаў быць добрымі грамадзянамі, свядомымі сваіх абавязкаў, што тычацца клопату аб дабры іншых, усіх, як у асабістай сферы так і ў розных іншых сферах жыцця грамадства.

Дарагія браты мексіканцы, я развітваюся з вамі з традыцыйным іспанскім заклікам: Заставайцеся з Богам! Так, з Богам; заўсёды ў любові Хрыста, у якой усе мы сустракаемся і сустрэнемся. Няхай Бог вас благаславіць, а найсвяцейшая Марыя абараняе.








All the contents on this site are copyrighted ©.