2012-03-25 14:29:30

Кс. Ламбардзі адказаў ахвярам Масэля


RealAudioMP3 Кіраўнік Залі Друку Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі абверг нядаўнія абвінавачванні з боку ахвяраў злоўжыванняў заснавальніка кангрэгацыі Легіяністаў Хрыста Марсіаля Масэля Дэголлада. Ні цяперашні папа Бэнэдыкт XVI, ні Ян Павел II не ведалі да 1998 г. аб падвойным жыцці заснавальніка, заявіў кс. Ламбардзі журналістам у Леоне. Гэта несправядліва, называць Бэнэдыкта XVI папам, які выступае супраць праўды і празрыстасці, заявіў кіраўнік Залі Друку.

Раней ахвяры заявілі, што кардынал Ёзэф Ратцынгер нясе адказнасць за сітуацыю як прэфект Кангрэгацыі Веравучэння да 2005 г. Яны падвергнулі крытыцы той факт, што падчас візіту Папы ў Мексіку не адбылося сустрэчы з імі.

Кс. Ламбардзі паведаміў, што падчас планавання падарожжа ў Мексіку не было прапаноў адносна такой сустрэчы. Ён таксама раскрытыкаваў пэўную “двухсэнсоўнасць” заяваў ахвяр Масэля ў гэтым пытанні. “Яны заяўляюць, што хочуць сустрэцца з Папам, але, на самой справе, не хочуць яго слухаць”. Па словах кс. Ламбардзі, у краінах, дзе раней адбыліся такія сустрэчы, біскупы прасілі аб іх загадзя і загадзя іх рыхтавалі. Такія сустрэчы ўкаранёныя ў працэс дыялогу, у якім Касцёл прымае ўдзел для дапамогі ахвярам.

Мексіканец Масэль быў абвінавачаны публічна ў 1997 г. у злоўжываннях адносна маладых семінарыстаў. У 2006 г. Апостальская Сталіца забараніла яму выконваць святарскія абавязкі і наказала весці адасобленае жыццё ў малітве і пакаянні. Улічваючы ўзрост і слабое здароўе Масэля, Кангрэгацыя Веравучэння адмовілася ад касцёльнага судовага працэсу над ім. У маі 2010 г., пасля вывучэння сітуацыі, Апостальская Сталіца сцвердзіла, што Масэль адзначаўся “аб’ектыўна амаральнымі паводзінамі”. Пасля чаго кангрэгацыя Легіяністаў Хрыста дыстанцавалася ад свайго заснавальніка.







All the contents on this site are copyrighted ©.