2012-03-25 15:58:51

Бэнэдыкт XVI працягвае місію бл. Яна Паўла ІІ у Мексцы і на Кубе


RealAudioMP3 Папа Бэнэдыкт XVI перадаў пасланне да народа Гуанахуато ад свайго папярэдніка бл. Яна Паўла II, якое было скіравана з борту самалёта ў 1979 г., але аб якім практычна “забыліся”, паведаміў кс. Фэдэрыко Ламбардзі. “Было б вельмі прыемна наведаць вашу любімую зямлю, але абставіны і недахоп часу не дазволілі на гэта”, звярнуўся ў той час Ян Павел II, калі яго самалёт ляцеў над санктуарыем Хрыста Валадара ў 1979 г. Словы Папы былі амаль незаўважанымі на працягу больш чым трох дзесяцігоддзяў і з’явіліся толькі ў адной кнізе, падрыхтаванай мексіканскай біскупскай канферэнцыяй. 23 сакавіка Бэнэдыкт XVI пачаў сваю прамову менавіта з гэтых слоў свайго папярэдніка.

“Я заклікаю вас заставацца адданымі сваёй веры, любові да Хрыста і Касцёла, у цесным саюзе са сваімі пастырамі”, заклікаў Ян Павел II у сваім пасланні, якога не можна знайсці ў ніводным запісу папскіх прамоў з 1979 г.

Аб гэтым кс. Ламбардзі заявіў у Міжнародным прэс-цэнтры візіту Папы ў Мексіку. Ён назваў цытаванне Святым Айцом свайго папярэдніка з’явай “вельмі значнай і паказваючай адносіны пераемнасці”, якая існуе паміж місіяй Бэнэдыкта XVI і яго папярэдніка, што пабываў у Мексіцы пяць разоў, але ніколі не дабраўся да Гуанахуато.

Кс. Ламбардзі прызнаў, што голас Бэнэдыкта XVI падчас першага выступлення ў Мексіцы быў крыху хрыплым. Але ён адзначыў, што стан Папы з’яўляецца “фантастычным”, патлумачыўшы, што хрыпата была звязана з атмасфернымі ўмовамі і 14-гадзінным пералётам з Італіі ў Мексіку.

Італьянскі езуіт падкрэсліў “імкненне Бэнэдыкта XVI працягваць місію Яна Паўла II, прытрымлівацца яго шляху, яго місіі і працы ў Мексіцы і на Кубе”. Кс. Ламбардзі таксама адзначыў, што прамовы Папы “прызначаныя для медытацыі, бо іх багацце можа быць зразумета толькі пасля неаднаразовага прачытання”.







All the contents on this site are copyrighted ©.