Бэнэдыкт XVI прывітаў вернікаў і прадстаўнікоў мексіканскіх уладаў (поўны тэкст)
24 сакавіка каля 01.30
па беларускім часе самалёт Бэнэдыкта XVI прызямліўся ў міжнародным аэрапарту ў мексіканскім
Гуанахуата. Тут адбылася першая сустрэча Святога Айца ў рамках яго Апостальскага падарожжа
ў Мексіку і на Кубу, якое працягнецца да 29 сакавіка. У аэрапарту Папу прывіталі прадстаўнікі
касцёльных і грамадскіх ўладаў краіны, на чале з Прэзідэтам Феліпэ Кальдэронам. Пасля
выканання гімнаў і прывітання з боку кіраўніка дзяржавы да прысутных звярнуўся Бэнэдыкт
XVI. Прапануем вашай увазе поўны тэкст прамовы Святога Айца. “Я вельмі рады быць тут
і дзякую Богу за тое, што дазволіў мне ажыцявіць жаданне, якое я даўно нашу у сваім
сэрцы, а менавіта - умацаваць у веры Божы Народ гэтай вялікай нацыі на яе ўласнай
зямлі. Усім вядома стараннасць ў малітве, з якой мексіканскі народ, адносіцца да Наступніка
св. Пятра. Я кажу аб гэтым у тым месцы, якое лічыцца геаграфічным цэнтрам Мексікі
і якое хацеў наведаць, яшчэ падчас свайго першага Апостальскага падарожжа ў вашу краіну,
мой шаноўны папярэднік, бл. Ян Павел ІІ. Не будучы ў стане здзейсніць гэта, ён пакінуў
для вас пасланне падтрымкі і благаслаўлення падчас палёту над вашымі мясцінамі. Сёння,
я шчаслівы, што магу паўтарыць яго словы на гэтай зямлі сярод вас: “Я дзякую за любоў
да Папы і за вернасць Пану вернікаў Баё і Гуанахуаты. Няхай Бог будзе з вамі назаўжды”
(Тэлеграма, 30 студзеня 1979 г.).
Успамінаючы пра гэта, я дзякую вам спадар
Прэзідэнт, за цёплыя словы прывітання і вітаю вашу жонку, а таксама іншых прадстаўнікоў
ўладаў, якія захацелі выразіць павагу да мяне сваёю прысутнасцю. Асаблівае прывітанне
я скіроўваю арцыбіскупу Леона Хасэ Марціну Рабаго, а таксама арцыбіскупу Тлалнепантла
Карласу Агуарыя Рэтэму, старшыні Канферэнцыі Біскупаў Мексікі і Лацінаамерыканскай
Біскупскай Рады. Падчас гэтага майго кароткага візіта, я жадаю паціснуць рукі ўсім
жыхарам Мексікі, а таксама краін і народаў Лацінскай Амерыкі, якіх менавіта ў гэтым
месцы так годна прадстаўляюць шматлікія біскупы. Тут велічная скульптура Хрыста Валадара
на пагорку “Сьерро дэль Кубілет” сведчыць аб укаранёнасці каталіцкай веры сярод жыхароў
гэтых земляў, якія звяртаюцца да Яго з просьбай аб благаслаўленні ва ўсіх сваіх клопатах.
Мексіка,
і большасць іншых краін Лацінскай Амерыкі адзначылі 200-годдзе сваёй незалежнасці
і працягнуць гэтыя святкаванні таксама на працягу гэтага года. Адбылося шмат рэлігійных
урачыстасцяў, на якіх людзі дзякавалі Богу за гэтую важную і значную падзею. Як і
падчас св. Імшы у базіліцы св. Пятра ў Рыме, ва ўрачыстасць Маці Божай Гвадэлупскай,
усе маліліся да Найсвяцейшай Панны Марыі, каб паказала слодыч, з якою Пан любіць ўсіх
нас – так, што нават аддаў самаго Сябе за ўсіх без выключэння. Наша Нябесная Маці
чувала над верай сваіх дзяцей у працэсе фарміравання гэтых народаў і працягвае гэта
рабіць сёння, перад новымі выклікамі, з якімі яны сустракаюцца.
Я прыбываю
як пілігрым веры, надзеі і любові. Жадаю ўмацаваць у веры веруючых у Хрыста, і заклікаць
да яе аднаўлення праз слуханне Божага Слова, прыняцце сакрамэнтаў і годнае жыццё.
Такім чынам вернікі змогуць падзяліцца сваёй верай з іншымі, як місіянеры сярод сваіх
братоў і стаць зачынам грамадства, спрыяючы мірнаму суіснаванню, якое грунтуецца на
непарушнай годнасці кожнай чалавечай асобы, створанай Богам і аб якой ніякая ўлада
не мае права забываць ці пагарджаць ёй. Гэта годнасць, асаблівым чынам выражаецца
ў фундаментальным праве на рэлігійную свабоду, у яе сапраўдным значэнні і поўнай інтэгральнасці.
Як
пілігрым надзеі я кажу вам разам са св. Паўлам: “Не сумуйце, як і іншыя, якія не маюць
надзеі” (1 Тэс 4,13). Вера ў Бога дае ўпэўненасць сустрэць Яго і атрымаць Яго ласку.
На гэтым грунтуецца надзея тых, хто верыць. Ведаючы пра гэта, вернік намагаецца змяніць
існуючыя недасканалыя структуры і падзеі, якія здаюцца непераадольнымі і нязменнымі.
Так ён дапамагае тым, хто не можа знайсці ў сваім жыцці сэнса ці будучыні. Такім чынам
надзея канкрэтным спосабам перамяняе жыццё кожнага чалавека (“Spe Salvi”, 2). Надзея
паказвае “новае неба і новую зямлю” (Ап 21,11) даючы магчамасць ужо сёння зрабіць
іх датыкальнымі. Акрамя таго, калі надзея ўкаранілася ў народзе, калі ёю дзеляцца,
яна распаўсюджваецца як святло, знішчаючы цемру, якая ахоплівае. Гэта краіна, гэты
кантынент, пакліканы жыць надзеяй ў Богу, як глыбокім перакананнем, перамяняючы яго
ў сардэчную пастанову і канкрэтную дзейнасць, каб разам ісці да лепшага свету. Как
я ўжо казаў ў Рыме, “мужна працягвайце будаванне грамадства на фундаменце дабра, перамогі
любові і распаўсюджванні справядлівасці” (Прамова ва ўрачыстасць Маці Божай Гвадэлупскай,
Рым 12 снежня 2011 г.).
Разам з верай і надзеяй, тыя хто вераць у Хрыста і
прытрымліваюцца навучання Касцёла жывуць і практыкуюць любоў, як асноўны элемент сваёй
місіі. У сваім першапачатковым сэнсе любоў “з’яўляецца, перш за ўсё, адказам на тое,
што ў канкрэтнай сітуацыі мае непасрэдную важнасць” (“Deus caritas est”, 31a). Гэта
значыць дапамогу тым, хто пакутуе ад голада, ці не мае сталага месца жыхарства, хворым
ці тых, хто мае патрэбы у якім-небудзь з аспектаў свайго існавання. Касцёл не выключае
нікога з гэтай місіі, з прычыны паходжання ці перакананняў. Ён не канкуруе з іншымі
прыватнымі ці публічнымі ініцыятывамі, але наадварот, ахвотна супрацоўнічае з тымі,
хто імкнецца да гэтых самых мэтаў. Касцёл не хоча нічога іншага, як толькі бескарысна
і з павагай рабіць дабро патрабуючым, тым, каму часта не хапае праяваў сапраўднай
любові.
Спадар Прэзідэнт, дарагія сябры. У гэтыя дні я буду моцна прасіць Пана
і Маці Божую Гвадэлупскую, каб ваш народ ганарыўся сваёй верай і найлепшым традыцыям.
Я буду маліцца асабліва за тых, хто найбольш мае ў гэтым патрэбу, асабліва за церпячых
па прычыне даўніх і новых формаў варожасці і тых, хто сустракаецца з насіллем. Я ведаю,
што знаходжуся ў краіне, якая ганарыцца сваёй гасціннасцю і жадае, каб ніхто не адчуваў
сябе тут чужым. Я ведаю і ведаў пра гэта раней, але цяпер я бачу і адчуваю гэта ў
самай глыбіні сэрца. У сваёй душы я маю надзею, што гэта адчуваюць таксама шматлікія
мексіканцы, якія жывуць за межамі сваёй роднай краіны, але аб якой ніколі не забываюць
і жадаюць бачыць, як яна расце ў згодзе і ў сапраўдным ўсебаковым развіцці. Вялікі
дзякуй".