2012-03-23 12:50:11

Пачалося ХХІІІ апостальскае падарожжа Бэнэдыкта ХVI за межы Італіі


RealAudioMP3 23 сакавіка Бэнэдыкт ХVI пачаў сваё ХХІІІ апостальскае падарожжа за межы Італіі. На гэты раз Святы Айцец накіраваўся ў Мексіку і на Кубу. Самалёт з Пантыфікам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта Фьюмічыно ў 9.50 паводле мясцовага часу. На развітальнай цырымоніі прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі пасольстваў пры Апостальскай Сталіцы, а таксама прэм’ер-міністр Італіі Марыё Монці. Самалёт забраў на свой борт 107 асоб з акружэння Святога Айца. Сярод іх 73 акрэдытаваныя журналісты, якія ўваходзяць у так званы “папскі пул”. Толькі 5 з іх прадстаўляюць ватыканскія СМІ. Іншыя – гэта: 27 тэлежурналістаў, 34 прадстаўляюць інфармацыйныя агенцтвы, перыядычныя выданні, радыё і газеты.

На борце самалёта знаходзіцца таксама 5 кардыналаў, сярод якіх кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ і кардынал Марк Уэлле, прэфект Кангрэгацыі па справах Біскупаў. Бяспекай Святога Айца займаюцца пяць асоб з ватыканскай жандармерыі. Гэту групу ўзначальвае доктар Даменіка Джані.

Прыбыццё Святога Айца ў аэрапорт Гуанахуата чакаецца ў 1.30 паводле беларускага часу 24 сакавіка. Трэба адзначыць, што розніца часу паміж Мексікай і Беларуссю складае 9 гадзін.








All the contents on this site are copyrighted ©.