2012-03-23 12:06:10

Мексіканская прэса выключна аб візіце Бэнэдыкта XVI


RealAudioMP3 Сённяшняя мексіканская прэса амаль поўнасцю прысвячае месца на сваіх старонках тэматыцы візіту Папы ў краіну. Так папулярнае выданне “А.М.” на першай старонцы змяшчае вялікі фотаздымак Святога Айца і паведамляе, што на перыяд візіту стане самай поўнай крыніцай інфармацыі аб ім. У газеце шмат гаворыцца аб мерах бяспекі падчас мерапрыемстваў, якія забяспечваюць апроч паліцыі, войска і падраздзяленні прэзідэнцкай аховы. У іншых артыкулах паведамляецца, што ў Гуанахуата ўжо прыбылі некалькі соцен журналістаў. Уцэлым, падчас візіту Святога Айца ў Мексіку будуць суправаджаць каля 1 тыс. працаўнікоў СМІ. У “Парку 200-годдзя”, дзе адбудзецца св. Імша з Папам, ужо працуюць каля 200 чалавек тэхнічнага персаналу. Катэдральны касцёл Леона, дзе Пантыфік узначаліць нешпары ў нядзелю 25 сакавіка, закрыты для наведавальнікаў па матывах бяспекі. Выданне “А.М.” адкрывае некаторыя падрабязнасці сустрэчы Святога Айца ў аэрапорце. Пантыфіку падчас цырымоніі будзе ўручана скрынка з мексіканскай зямлёй, а фальклёрны балет універсітэта Гуанахуата выканае адмысловы прывітальны танец.

Штодзённік “El heraldo” выйшаў сёння пад тытулам “Благаслаўлёны, хто прыходзіць у імя Пана”. На першай старонцы – інтэрв’ю з паслом Мексікі пры Апостальскай Сталіцы, які падкрэслівае, што Папа прыбывае прапаведаваць Евангелле, а не казаць адмыслова пра насілле, карупцыю і наркагандаль. Газета правяла невялікае апытанне сярод чытачоў на тэму матыву візіту Святога Айца. 16% рэспандэнтаў, напрыклад, адказала, што Пантыфік прыбывае, каб навучаць Евангеллю, 15% – несці супакой, 12% лічыць, што Бэнэдыкт XVI хоча лепш пазнаць Мексіку.

Выданне “Correo” канцэнтруе ўвагу на прычынна-следчую сувязь візіту Папы ў Мексіку з маючымі адбыцца 1 ліпеня прэзідэнцкімі выбарамі. Тут змешчаны таксама артыкул з трыма спевакамі, якія будуць выконваць некаторыя песні падчас св. Імшы ў “Парку 200-годдзя”. Выданне змяшчае шмат даведчай інфармацыі для пілігрымаў.

Чарговае буйное мексіканскае выданне “Milenio” разглядае візіт Святога Айца ў аспекце рэлігійнай свабоды і лічыць, што гэта адзін з матываў падарожжа. Шмат месца выданне прысвячае элементам літургіі з удзелам Бэнэдыкта XVI, асаблівым чынам сімволіцы літургічнага адзення Святога Айца.

Трэба адзначыць, што у цэлым мексіканская прэса станоўча адзываецца аб візіце Папы ў краіну.







All the contents on this site are copyrighted ©.