2012-03-23 13:08:32

Бэнэдыкт ХVI прысутнічаў на трэцім велікапостным казанні


RealAudioMP3 23 сакавіка, перад пачаткам свайго падарожжа ў Мексіку і на Кубу, Бэнэдыкт ХVI разам з супрацоўнікамі Рымскай Курыі прысутнічаў на трэцім велікапостным казанні прапаведніка Папскага дому італьянскага капуцына айца Раньера Канталамесы. Яно было прысвечана Доктару Касцёла св. Базылю Вялікаму, які жыў у IV ст., і яго навучанню аб боскасці Святога Духа. Айцец Канталамеса адзначыў, што менавіта Базыль Вялікі разам са сваім братам Грыгорыем з Нысы быў аўтарам даксалогіі, якую мы ведаем сёння: “Хвала Айцу і Сыну і Святому Духу”. Яна змяніла ранейшую: “Хвала Айцу праз Сына ў Духу Святым”. “Новая формула больш падкрэслівала роўнасць трох асоб і іх непадпарадкавальнасць адна адной”, - адзначыў італьянскі капуцын. Айцец Канталамеса нагадаў, што гэта формула св. Базыля выклікала вялікую дыскусію сярод тагачасных тэалогаў і святы павінен быў нават бараніцца ад нападак ерэтыкоў.

Прапаведнік Папскага дому падкрэсліў, што паводле св. Базыля дзеянне Святога Духа заўсёды прысутнічае ў гісторыі збаўлення і кожным сектары жыцця Касцёла. “Як веруючага чалавека, яго цікавіла дзейнасць Святога Духа ў асабістым жыцці кожнага хрысціяніна”, - адзначыў айцец Канталамеса. Ён дадаў, што Базыль Вялікі ў сваіх творах апісвае дзеянне Святога Духа ў працэсе ачышчэння душы ад граху, у яе асвячэнні і набліжэнні да Бога. У сваім трэцім велікапостным казанні айцец Канталамеса нагадаў таксама, што св. Базыль з’яўляецца аўтарам адной з першых манаскіх рэгул для ордэну базыліянаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.