2012-03-22 12:40:15

Кардынал Бэртонэ: візіт Папы на Кубу паспрыяе дэмакратызацыі краіны


RealAudioMP3 Напярэдадні апостальскага падарожжа Бэнэдыкта ХVI на Кубу і ў Мексіку 23-29 сакавіка, кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ даў інтэрв’ю італьянскай газеце “La Stampa”, у якім адзначыў, што “не верыць у тое, што візіт Святога Айца на Кубу можа быць выкарыстаны кубінскімі уладамі для сваіх мэтаў, наадварот, ён павінен паспрыяць развіццю дэмакратычных працэсаў у гэтай краіне”. Іерарх падкрэсліў, што ў будучыні Пантыфік здзейсніць таксама апостальскае падарожжа ў Азію. Гаворачы аб магчымых атаках Ізраіля на Іран, кардынал Бэртонэ адзначыў, што “Апостальская Сталіца заўсёды сцвярджала, што шляхам вырашэння розных праблем і канфліктаў у свеце з’яўляецца толькі дыялог, а не вайна”.

Гаворачы аб кантактах Апостальскай Сталіцы з Кітаем, кардынал Дзяржсакратар пацвердзіў, што яны існуюць і “дыялог ніколі не быў спынены, хоць вядзецца часам з вялікімі цяжкасцямі”. Іерарх адзначыў, што “улічваючы крокі, якія ўжо былі прадпрыняты, не выключаецца, што ў будучыні можна чакаць сустрэчы паміж прадстаўнікамі Каталіцкага Касцёла і вялікага кітайскага народа”.

У інтэрв’ю кардынал Бэртонэ звярнуў увагу на тое, што ў Ватыкане адбылася “уцечка інфармацыі”, якую журналітсы акрэслілі як “vatileaks”. “Некаторыя успрынялі гэту ўцечку дакументаў як акцыю супраць мяне з мэтай зняславіць мяне перад Папам і Касцёлам. Асабіста я не разумею гэтай нячаканай агрэсіі”, - заўважыў іерарх. Кардынал Бэртонэ паінфармаваў, што ў снежні 2009 г., якалі яму споўнілася 75 гадоў, ён папрасіў Пантыфіка аб адстаўцы. “Папа мне адказаў, што мае поўны давер да мяне і прасіў працягваць працу. Маё служэнне працягваецца і завершыцца згодна з воляй і рашэннем Бэнэдыкта ХVI”, - адзначыў кардынал Бэртонэ.








All the contents on this site are copyrighted ©.