2012-03-21 12:06:43

Італія: першы міністр-хрысціянін Пакістана стаў героем кнігі


RealAudioMP3 У Італіі апублікавана біяграфія Шахбаза Бхаці, пакістанскага міністра-хрысціяніна, забітага ісламістамі. Аўтарамі кнігі “Шахбаз Бхаці. Жыццё і мучаніцтва хрысціяніна ў Пакістане”, прадстаўленай у рымскай базыліцы св. Барталамея на востраве Ціберына, з’яўляюцца Раберта Дзукколіні і Раберта Пьетралуччы. Кніга змяшчае сведчанні родных і блізкіх Шахбаза Бхаці. Аўтары прадстаўляюць вобраз гарачага верніка хрысціяніна, які быў забіты, абараняючы правы сваіх адзінаверцаў.

На прэзентацыі кнігі прысутнічаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынал Жан Луі Таран. Іерарх распавёў, што, калі ў апошні раз бачыў Бхаці ў аэрапорце Ісламабада, той сказаў яму, што ведае пра сваю блізкую смерць. Кардынал заявіў, што пачатак беатыфікацыйнага працэсу былога міністра, які, на яго думку, з’яўляецца “без сумневу мучанікам”, Касцёл у Пакістане магчыма возьме на сябе.

Шахбаз Клімент Бхаці – першы ў гісторыі Пакістана міністр-хрысціянін. Нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і ў Лахоры. Быў заснавальнікам Усепакістанскага саюза меншасцяў, узначальваў створаны ім Хрысціянскі вызваленчы фронт. У 2002 г. уступіў у Пакістанскую народную партыю. У 2008 г. быў прызначаны на пасаду міністра па справах рэлігійных меншасцяў. За сваю вострую крытыку закона аб “блюзнерстве” Бхаці быў застрэлены экстрэмістамі ў 2011 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.