2012-03-21 11:21:52

Нунцый: канкардат з Чарнагорыяй амаль гатовы да падпісання


RealAudioMP3 Перамовы па падпісанні канкардата паміж Святым Пасадам і Чарнагорыяй набліжаюцца да завяршэння. Чакаецца, што ў маі або чэрвені 2012 г. Прэзідэнт краіны Філіп Вуянавіч падчас паездкі ў Ватыкан падпіша дакумент, заявіў Апостальскі нунцый у Чарнагорыі арцыбіскуп Алесандра Дэррыко. У мінулыя дні яшчэ былі ўнесены невялікія змены ў дакумент на просьбу прэм’ер-міністра Ігара Лукшыча. Канкардат заменіць папярэднюю дамову, якая была падпісана ў 1886 г. з тагачасным Княствам Чарнагорыя. Трэба адзначыць, што з большасцю іншых посткамуністычных краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы Святы Пасад пачынаючы з 1990 г. заключыў ужо пагадненні. З Рэспублікай Беларусь падобны дакумент на дадзены момант не падпісаны. Над ім вядуцца працы.

У Чарнагорыі пражываюць 22 тыс. католікаў. Большасць жыхароў краіны –праваслаўныя. Каталіцкі Касцёл складаецца з двух дыяцэзій: архідыяцэзіі Бар і дыяцэзіі Котор. У першай, палова католікаў – албанцы. Другая частка вернікаў архідыяцэзіі Бар як і амаль усе католікі дыяцэзіі Котор – харваты, якія размаўляюць на харвацка-чарнагорскай мове. Цікава, што Котор належыць да Спліт-Макарскай мітраполіі, а мясцовы біскуп з’яўляецца членам Канферэнцыі Біскупаў Харватыі.

Урад Чарнагорыі плануе таксама падпісанне пагаднення з двума Праваслаўнымі Цэрквамі ў краіне, да якіх належыць каля 72% насельніцтва. Нажаль, дзве канкуруючыя паміж сабой Цэрквы не прызнаюць легітымнасці адна адной.







All the contents on this site are copyrighted ©.