За некалькі дзён да
візіту Папы Бэнэдыкта XVI на Кубу адбыліся шматлікія арышты членаў праваабарончай
арганізацыі “Дамы ў белым”. Як паведамляе газета „El Nuevo Herald”, затрымана больш
за 50 жанчын. Сярод іх, верагодна, знаходзіцца Берта Салер, прэс-сакратар руху. У
апошні час Салер неаднаразова звярталася да Касцёла на Кубе з просьбай аб магчымасці
спаткання членаў арганізацыі “Дамы ў Белым” з Папам падчас яго візіту ў краіну. Узнагароджаная
Еўрасаюзам Прэміяй па Правах Чалавека, арганізацыя кубінскіх жанчын – абаронцаў правоў
чалавека, была заснавана ў канцы так званай Чорнай вясны на Кубе ў 2003 г. Тады ўлады
масава арыштавалі апазіцыянераў і асудзілі на доўгія тэрміны зняволення. Група маці,
жонак і дачок асуджаных крытыкаў рыжыму рэгулярна наведваюць нядзельныя св. Імшы ў
белай вопратцы, дэманструючы тым самым неабходнасць абароны правоў чалавека на Кубе.
Адсюль і паўстала назва – “Дамы ў белым”.
У апошнія гады ўлады ўзмацнілі атакі
на прыхільніц гэтай арганізацыі. Касцёл на Кубе ў апошнія два гады праводзіць інтэнсіўны
дыялог з уладамі, вынікам якога стала вызваленне многіх палітычных вязняў.