Святы Айцец прывітаў удзельнікаў форума аб ролі хрысціян у сучаснай Еўропе
Неабходна фарміраваць
не толькі палітычную і эканамічную рэальнасць Еўропы, але таксама духоўную. У гэтым
упэўнены ўдзельнікі кангрэса на тэму “Еўропа і грамадзянства: роля і месца хрысціян”,
які праходзіць 16-18 сакавіка ў польскім Гнезна. У прывітальным пасланні да ўдзельнікаў
мерапрыемства, якое ад імя Папы адправіў кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ,
адзначаецца, што ў такім кантэксце неабходна разважаць аб абавязках тых, хто верыць
у Хрыста і сістэму каштоўнасцяў заснаваную на Яго Евангеллі. “Хрысціянства, нават
калі і вядзе чалавека да вечнасці, аднак не вызваляе яго ад клопата аб сучаснай рэчаіснасці,
але наадварот – натхняе яго да актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці ў духу любові да
Бога і бліжняга”, - гаворыцца ў пасланні Пантыфіка.
У форуме арганізаваным
пад патранатам Прэзідэнта Польскай Рэспублікі Браніслава Камароўскага прымаюць удзел
шматлікія касцёльныя іерархі, палітыкі, навукоўцы, святары і вернікі. Сярод іх кардынал
Станіслаў Рылка, старшыня Папскай рады па справах свецкіх і Ежы Бузэк, старшыня Еўрапейскага
Парламента.
У праграме мерапрыемства даклады, экуменічныя малітвы і круглы
стол, прысвечаны “грамадзяніну Еўропы ў перыяд пасля Аўшвіца і Калымы – сімвалаў абсалютна
зла ХХ ст.”. Форум закончыцца дыскусіяй аб ролі Касцёла ў грамадстве. Пасля яе арцыбіскуп
Роберт Цоліч, старшыня нямецкага епіскапата раскажа аб выкліку быцця хрысціянамі ў
Еўропе ў час крызіса.